Пузы́р1 ’пухір’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; ТС; міёр., З нар. сл.), ’пухір у рыбы’ (ЛА, 1), ’пухір у свінні’ (Маш.), ’вадыр, пухір на скуры’ (ЛА, 3), ’бурбалка’ (маг., гом., ЛА, 2; Сл. ПЗБ) ’паветраны шар’ (Сл. рэг. лекс.), ’асінае гняздо’ (Сл. ПЗБ) ’пасудзіна для газы ў лямпе’ (Сіг., Шат.), пузы́рь ’тс’ (Бяльк., Растарг.), ’чэрава, пуза’ (Нас.), пузы́р ’тоўсты хлопчык’ (міёр., З нар. сл.), пузыро́к ’агурочак’ (Мат. Гом.), ’шкло ў лямпе’ (Мат. Маг.; Бяльк.), ’ніжняя шырокая частка збанка’ (бяроз., Шатал.), укр. пузи́р ’пухір’, рус. пузы́рь ’тс’. Паводле Бузука (Асн. пыт., 49), пузы́р < *пусы́рь (< і.-е. peus‑) у выніку дыстантнай асіміляцыі (“глухое с пад уплывам наступнага р перайшло ў звонкае з”), або дысіміляцыя з пачатковым n, параўн. літ. pusti ’дуць’, pùsti ’надувацца’; іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 403, з літ-рай) — ад пуза (так яшчэ Міклашыч, Праабражэнскі) або ад пухі́р (Патабня). Адносна апошняга (гл.) Бузук (Асн. пыт., 49) мяркуе пра паралелізм с/х яшчэ ў праславянскай мове. В.-луж. puzor ’бурбалка на вадзе’ дазваляе рэканструкцыю прасл. *puzytъ (Шустар-Шэўц, 2, 1196; ЕСУМ, 4, 628).

Пузы́р2 ’воблака; хмара’ (бялын., ЛА, 2, Нар. сл.; Жд. 2), пузыро́к ’невялікая хмарка, з якой ідзе дождж’ (круп., бялын., ЛА, 2) ’белая кучавая або дажджавая хмара’ (бялын., Нар. сл.), ’похмарак, хмарка’ (карм., Мат. Гом.). Відаць, да пузыр1 (гл.) у выніку вобразнага пераносу, параўн. іншыя назвы: бу́лава (небо ў бу́лавах; ці няма тут сувязі з балг. було ’вэлюм’: небето се забулва ’неба зацягваецца хмарамі’?), бугры́, бугракі́ і пад. (ЛА, 2).

Пузы́р3 ’ногаць, пазногаць’ (Сцяшк. Сл.). З пазу́р (гл.) з частковай метатэзай, параўн. пувак ’павук’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)