Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стро́ўбель ‘вясёлка’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. straublỹs ‘тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 602).

Стро́чка ‘стужка’ (Бяльк., Ян., Мат. Гом.). Укр. стрі́чка ‘тс’. Да страка (гл.); як мяркуюць аўтары ЕСУМ (5, 448), “паколатая” стужка.

Струб ‘зруб’ (Нас., Гарэц., Касп., ТС, Мат. Гом.), істру́б (Гарэц.). Гл. іструб.

Струбі́ць ‘прагна з’есці, патраціць, змарнаваць’ (ТСБМ), ‘згубіць, знішчыць’, струбі́цца ‘згінуць, прапасці’ (ТС), ‘спаліць, знішчыць’ (ПСл), струбі́ць ‘спаліць’ (Мат. Гом.), струбы́ты ‘падзець, згубіць’ (Клім.), стру́быты экспр. ‘знішчыць’ (Сл. Брэс.). Відаць, экспрэсіўны дзеяслоў, вытворны ад трубіць (гл.) < труба; параўн. трубі́ць ‘прагна есці і піць’ (Нас.); не выключана другасная сувязь з рус. истреби́ть ‘знішчыць’.

Струг1 ‘інструмент для стругання’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., ТС, Пятк. 1, Сл. Брэс.; дзятл., лід., шальч., в.-дзв., брасл., Сл. ПЗБ), ‘бандарны нож’ (Байк. і Некр.), ‘скобля’ (Сл. Брэс.), струга́ч ‘тс’ (Стан.), ст.-бел. стругъ ‘цяслярскі інструмент’ (Ст.-бел. лексікон). Укр., рус. струг, ст.-рус. стругъ, ст.-польск. strug, чэш. struh, серб.-харв. стру̑г, славен. strȗg, балг., макед. струг ‘такарны станок’, макед. дыял. struk ‘гэбель . Прасл. *strugъ ‘від вострай прылады для згладжвання і канчатковага фармавання вырабаў з дрэва’, суадноснае з *strъgati, гл. стругаць. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 154–155), адносіны назоўніка і дзеяслова ўзыходзяць да больш старажытнага *streug‑:*strug‑, а пасля зняцця славяна-германскай інавацыі sr > str да і.-е. *sreug‑/*srug‑; звязана чаргаваннем галосных з стругаць (гл.) (Фасмер, 3, 782).

Струг2 ‘драўлянае рачное судна’ (ТСБМ), ‘баржа’ (Ласт., Байк. і Некр.), ст.-бел. стругъ ‘вялікая лодка, карабель’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. струг ‘тс’, дыял. струга́ ‘від чоўна’, рус. струг, стру́га ‘від рачнога судна, лёгкая лодка з вострымі канцамі’, польск. strug, struga ‘пласкадоннае судна’. Этымалагічна тое ж, што і струг1; гл. Сабалеўскі, ЖМНП, 1886, верас., 155. Праабражэнскі (2, 402), Міклашыч (Lex. palaeosl., 891) прапаноўваюць вытворнасць ад і.-е. *sreu‑ ‘цячы’ (гл. струга, струя), супраць чаго Фасмер (3, 782–783); гл. яшчэ ЕСУМ (5, 450), у якім рэканструюецца прасл. *strugъ, *struga.

Стру́га1 ‘вельмі грузкая даліна, балоціна’ (ТС), ‘дрыгва’ (Сцяшк. Сл., Жыв. сл.; бяроз., ст.-дар., Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл.; ЛА, 5), ‘рукаў ракі’ (ЭШ, рук.), ‘затока’ (бярэз., Сл. ПЗБ), струга́ ‘гразкае балота’ (ст.-дар., Нар. сл.), ‘месца на балоце, зверху зацягнутае травой’ (люб., Бел. дыял.), ‘ручай, струмень’: пот ліецца стругою (беласт. Ніва, 1973, 23 верас.), ‘самы шпаркі і глыбокі праток вады ў рацэ’ (Ласт.), зах.-палес. стру́га ‘мокрае месца, зарослае хмызняком’, ‘балоцістая мясціна’ (Сл. Брэс.), ‘невялікая рэчка’ (Мат. Гом.), ‘невялікае цячэнне на балоце’, усх.-палес. стру́жка ‘старое зарослае русла ракі’ (Талстой, Геогр., 194–195), ст.-бел. струга ‘струмень, ручай’. Укр. стру́га ‘ручай; струмень’, паўн.-рус., наўг., курск. стру́га ‘глыбокае месца, лужа, якая застаецца летам ад амаль перасохлай рэчкі’, вялікалук. истру́га ‘частка старога рэчышча’, стараж.-рус. струга ‘цячэнне’, польск. struga ‘струмень, цячэнне’, в.-луж. truha ‘ручай’, н.-луж. tšuga ‘тс’, чэш. strouha ‘жолаб, канава’, славац. struha ‘тс’, славен. strúga ‘русла, рукаў ракі’, ст.-слав. строуга ‘цячэнне, паток’. Прасл. *struga, дэрыват з суф. ‑ga ад і.-е. кораня *sreu̯‑ ‘цячы’; ‑t‑ устаўное, звязана з струя, востраў, гл. Гл. Борысь, 582; Махэк₂, 583; Шустар-Шэўц, 1549; Міклашыч, 318. Генетычна роднасныя лат. straũga ‘нізкае месца, дзе можна праваліцца’, struga ‘балота’, stūga ‘струмень вады’, strũgla ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 783 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 450; Папоў, Из истории, 87 (беспадстаўна лічыць запазычаннем з польскай).

Стру́га2 ‘венцер (з дубцоў)’ (касцюк., ЛА, 1). Параўн. балг. радоп. стро̑́га ‘варотцы ў плоце або кашары’, дыял. стръ́га ‘цесны праход у загоне, праз які праходзяць авечкі па адной’, престръ́га ‘шчыліна паміж пярэднімі зубамі’, серб.-харв. strȕga ‘тс’. Бярнар (Бълг. изсл., 324–326) выводзіць з прасл. *strǫga. Сюды ж, магчыма, і рум. strungă ‘цесны праход’, далейшыя сувязі якіх няясныя.

Стру́гавіца ‘панос, бягунка’ (Арх. Федар.). Відаць, да струга1 у значэнні ‘паток, цячэнне’, гл.

Струга́ць ‘знімаць стружку’, ‘наразаць тонкія вузкія палоскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.; валож., Сл. ПЗБ), струга́тэ ‘крышыць’ (кам., Сл. ПЗБ), ‘абіраць бульбу’ (ТСБМ, Жд. 3), стру́жыць ‘стругаць’ (ТС), стругану́ць ‘дзьмухнуць’ (Мат. Гом., Янк. 3.), стру́ганы ‘абскрабаны (пра бульбу)’ (узд., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. струга́ти, рус. строга́ть, струга́ть, стружи́ть, стараж.-рус. стръгати, стругати, польск. strugać, в.-луж. truhać, н.-луж. tšugaś, чэш. strouhat ‘церці; стругаць’, славац. strúhat’, серб.-харв. стру́гати, славен. stŕgati, strúgati, балг. стъ́ржа, макед. струга, струже, ст.-слав. стръгати. Прасл. *strъgati; форма *strugati другасная, утвораная на аснове форм цяп. часу (Борысь, 582). Роднаснае лат. strũgaîns ‘паласаты’ (*strūga ‘паласа’), ст.-ісл. striùka ‘гладзіць, сціраць’, фрыз. strôk ‘паласа’; гл. Фасмер, 3, 779 з літ-рай; Шустар-Шэўц, 1535. Да і.-е. кораня *streu̯g‑ ‘сціраць, гладзіць, апрацоўваць вострай прыладай’ (Борысь, там жа; Бязлай, 3, 324; ЕСУМ, 5, 451 з аглядам версій).

Стру́гвіна ‘ягада накшталт марошкі’ (Нар. Гом.), стругві́на ‘ажыны’ (ТС). Параўн. укр. стру́жина ‘марошка, Rubus chamaemorus L.’, стругві́на ‘ажыны’, острожила ‘тс’, польск. ostrężyna ‘тс’, каш. ostružene ‘тс’, чэш., славац. ostružina ‘тс’, ст.-чэш. stružina ‘тс’, в.-луж. wostružina ‘тс’, серб.-харв. о̀струга ‘тс’, славен. ostróga ‘тс’, ostrȏžnica ‘Rubus fruticosus’. Узводзяць да прасл. *ostrǫga, вытворнага ад *ostrъ, гл. востры, астро́га (Брукнер, 386; Махэк, Jména, 101; Бязлай, 2, 259; ЕСУМ, 5, 452).

Стру́длі ‘пячэнне на мяду’ (Вешт.). Праз польск. strudel, мн. л. strudle з ням. Strudel ‘слаёны пірог’, гл. Брукнер, 520; ЕСУМ, 5, 451.