Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Талі́й ’хвароба авечак’: талій на овац напаў (драг., Ск. нар. мовы). Няясна.

Та́лік, та́лька ’гестка, какетка’ (Лекс. Бел. Палесся), то́лька ’жаночая вопратка кароткага памеру з самаробнага сукна’ (Ян.). Параўн. польск. дыял. talik ’невялікі кавалак поля, адрэзаны папярок вузкага загону’, tal ’тс’ (Варш. сл.), што, магчыма, ад ням. Theil ’частка’, параўн. Брукнер, 564. Аднак, верагодней за ўсё, звязана з талія1 (гл.) з семантыкай ’адрэзаная частка’, параўн. іншую назву перарэ́з ’гестка’ (Лекс. Бел. Палесся).

Таліна́ ’праталіна’ (ТС; беласт., Сл. ПЗБ), та́ліна ’мясціна, дзе сышоў снег’ (Варл.), толына́ ’праталка’ (Сл. Брэс.), та́леніна ’зямля, што паказваецца з-пад снегу’ (Арх. Федар.). Укр. талина́ ’расталая санная дарога’, польск. дыял. talina ’плеш на полі, пустое месца, дзе загінула збожжа’, славен. talina ’адталая зямля’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ina ад *talъ, гл. талы.

Талісма́н ’прадмет, які прыносіць яго ўладальніку шчасце, удачу’ (ТСБМ). З заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. (XVIII ст.) Tálisman з франц. (XVII ст.) talisman, якое з ісп. talismán. Ісп. talismán разам з парт. talismā або непасрэдна з араб. tal(l)asm ’магічныя знакі, магічная выява, заклінанне’ ці з перс. тэлесм < араб. tal(l)asm (Чарных, 2, 226; Фасмер, 4, 15).

Та́ліць ’прасці вельмі тонкай ніткай, высакаякасна’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Гл. талька.

*Талі́ць1, толы́ты ’насычаць, карміць’ (драг., Бел.-укр. ізал.), часцей у прыставачных утварэннях наталіць (гл.): яго нічым ні наталіш (Сержп. Прымхі), утолі́ць ’задаволіць, насыціць’ (ТС). Параўн. укр. толи́ти ’заспакойваць’, палес. толи́ть ’раскормліваць, пічкаць’, рус. толи́ть ’тс’, ст.-польск. tolić ’тс’, славац. táliť sa ’добра харчавацца’, серб.-харв. то̀лити ’заспакойваць’, славен. toliti ’сунімаць, супакойваць’. Прасл. *toliti/*taliti, каўзатыў ад *tьlěti (гл. тлець), параўн. літ. tìlti ’стаяць моўчкі’, лат. tilinât ’распешчваць (дзіця)’, ст.-ірл. tuiti ’спаць’, магчыма, ст.-в.-ням. stilli ’ціхі’ (Фасмер, 4, 71; Бязлай, 4, 194; Варбат, Этимология–1970, 59; ЕСУМ, 5, 593). Гл. таксама уталяць.

*Талі́ць2, толі́ць ’збіраць, хаваць’: толіць тые грошы (ТС), та́лыты ’сцягваць у адно месца; траціць’ (Арх. Вяр.), сюды ж дзеяслоў шматкратнага дзеяння талаваць, гл. Лічыцца адаптаваным запазычаннем з цюркскіх моў, у якасці крыніцы прапануецца крым.-тат. тала ’дзерці, рабаваць’, роднаснае манг. tala ’рабаваць’ і пад. (Фасмер, 4, 15; ЕСУМ, 5, 509).

Та́лія1 ’частка тулава, стан’, ’вузкая частка адзення ў пасе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), таль ’прылягаючая да стану частка сукенкі’ (Сцяшк. Сл.), та́ля ’стан’ (Сцяшк.). З польск. talia, якое праз ням. Taille або непасрэдна з франц. taille ’талія’ < tailler ’абразаць, выкройваць; абчосваць, граніць, шліфаваць’ < нар.-лац. taliãre ’тс’ (Чарных, 2, 226–227; Фасмер, 4, 15).

Та́лія2 ’камплект ігральных карт з дзвюх калод’ (ТСБМ), ’калода карт’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́льля ’тс’ (Байк. і Некр.). З франц. taille ’талія’ < нар.-лац. *taliare ’рубіць, адцінаць’ < лац. tālea ’прут, кол; атожылак, парастак, саджанец’, да семантыкі параўн. укр. талюва́ти ’тасаваць карты, трымаць банк, дзяліць на роўныя наскі’, гл. ЕСУМ, 5, 510.

Талкава́ць ’гутарыць, гаварыць; растлумачваць’ (ТСБМ), ’разважаць, доўга і шматслоўна даводзіць’: толкуе — німа чаго слухаць (Федар. 4, Цых.), толкова́ць ’размаўляць, абмяркоўваць’ (ТС), ст.-бел. толковати ’тлумачыць, гаварыць, казаць’ (КГС), сюды ж талкаві́та, талкаві́ста ’разумна, разважна’ (Мат. Маг., Юрч. Вытв.), талко́вы ’змястоўны, разумны, дзелавы, удалы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Цых.). Да толк, гл.

Талма́к у выразе: на талмаку ног не павалаку (Сержп. Прык.), у іншым варыянце: на талаку ног не павалаку (там жа), па малаку ног не павалаку (капыл., Рабк.). Няясна; параўн. тат. talamak ’рабаваць’.

Талма́ч ’перакладчык’ (Некр. і Байк., Варл., Скарбы), то́лмач ’тс’ (Янк. 1), ст.-бел. толмачъ ’перакладчык, тлумачальнік’ (Ст.-бел. лексікон); сюды ж талма́чыцъ ’перакладаць’ (Варл.), ’тлумачыць’ (Ян.), толмачыць ’тс’ (ТС). Укр. товма́ч, толма́ч, рус. толма́ч, польск. tłumacz, в.-луж. tołmač, чэш. tlumač, славац. tlmač, славен. tolmá, серб.-харв. ту́ма̑ч, балг. тълма́ч, макед. толмач ’перакладчык, тлумачальнік’. Старажытнае запазычанне, мяркуецца прасл. *tъlmačь, з цюркскіх моў, найбольш блізкімі да славянскіх формаў з’яўляецца палавец. і караім. tolmač ’перакладчык, тлумач’ (Булыка, БЛ, 23, 67), параўн. таксама кыпч. tylmač, казах. tilmäč, тур. dilmač, ст.-цюрк. tïlmači ’тс’, што звязаны з цюрк. til ’мова’ (ЕСУМ, 5, 588; Фасмер, 4, 72; Брукнер, 572). Паводле Глухака (643), вандроўны тэрмін, які ў цюркскіх мовах зблізіўся з dyl, dil ’мова’ і мае аналагічныя семантычныя адпаведнікі ў іншых мовах.

Талма́чыць ’тармасіць’ (узд., Жд. 3). Параўн. смален. талмата́ ’шум, мітусня’, якое Ліўканен (Отглаг. сущ., 172) узводзіць да *tъlmъ, гл. тлум (< *tьlp‑mъ), што сумніўна. Паводле Фасмера (5, 15), з *тълмота. Параўн. фанетычна блізкае няяснага паходжання талмак (гл.).