Толк ’сэнс, значэнне, сутнасць’, ’кемнасць’, ’карысць’ (ТСБМ, Сцяшк., Вруб.), ’сэнс, лад, парадак’ (Касп., Бяльк., Федар. 4, Некр. і Байк.), ’карысць, сэнс’ (ТС, Сл. ПЗБ), ’розум, развага’ (Ян.): стары воўк знае толк (Пятк. 2; брасл., Рабк.), тоўк ’карысць, сэнс, парадак’ (Бяльк.; воран., Сл. ПЗБ), ’розум, сэнс’, таўко́вы ’разумны’ (Пятк. 2), ст.-бел. толкъ ’размова’ (XV ст., КГС). Укр. дыял. товк ’глузд, розум’, толк, то́лок ’тс’, рус. толк ’думка, развага, тлумачэнне’, польск. дыял. tołk ’розум, сэнс, логіка’, чэш. tolk ’сэнс, значэнне’; ст.-слав. тлъкъ ’перакладчык; тлумачэнне’, сюды ж талкаваць (гл.), параўн. укр. дыял. товкува́ти ’высвятляць, гаварыць’, рус. толкова́ть ’тлумачыць, даводзіць, гаварыць’, макед. толкува ’тлумачыць, разгадваць’, балг. тълку́вам ’тс’. З прасл. *tъlkъ ’думка, тлумачэнне’, узводзяць да і.-е. *tolk​ казаць, выкладаць’. Роднаснае да ст.-ірл. ad‑tluch‑ ’дзякаваць’, to‑tluch‑ ’прасіць’ (ЕСУМ, 5, 587; Фасмер, 4, 71; Чарных, 2, 248). Адсутнасць пераходу л > ў у літаратурнай мове і некаторых гаворках тлумачаць пазнейшым (XVIII–XIX стст.) аднаўленнем л па ўзору рус. толк (Векслер, Гіст. 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)