Тлум1 ’адурэнне, замарачэнне’, ’шум, гоман, сумятня’, ’шумлівы натоўп людзей’ (ТСБМ), ’шум, гоман’ (Нас., Касп., Мядзв., Некр. і Байк., Шымк. Собр.), клум ’шум, галас’ (Гарэц.), сюды ж тлумі́ць ’дурыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам’ (ТСБМ, Касп.), ’дурыць’ (Жд. 2), ’жартаваць, гаварыць лухту’ (Нас.), ’пустасловіць’ (Шымк. Собр.). З польск. tłum ’тс’, якое лічыцца выключна польскім утварэннем (Трубачоў, Труды, 1, 162), інакш Ліўканен (Отглаг. сущ., 172), які далучае сюды рус. смален. талмата́ ’шум, мітусня’ (< *tolmota, параўн. тлумата, гл.); выводзіцца з прасл. *tъlpmъ, звязанага з прасл. *tъlpa ’натоўп’ (Брукнер, 572), гл. таўпа. Борысь (635) дапускае мажлівасць аддзеяслоўнага паходжання ад tłumić ’прыгнятаць, глушыць, прыціскаць’. Ст.-бел. тлумъ ’зборышча, зброд’ вядома з XVII ст., як і тлумити ’супакойваць, стрымліваць’, вядомае з XVI ст., запазычаны са старапольскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 38, 196).

Тлум2 ’нерастаропны чалавек’ (Сл. рэг. лекс.). Канверсійнае ўтварэнне ад тлумава́ты ’дурнаваты’ (там жа), тлу́мны ’бесталковы’ (Некр. і Байк.), што ад тлум1, тлуміць ’заблытваць, збіваць з панталыку’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)