Парла́мент ’вышэйшы заканадаўчы орган буржуазнай дзяржавы, заснаваны часткова або цалкам на выбарных органах’ (ТСБМ). З рус. парла́мент ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 83). У рус. м. праз польск. parlament ад італ. parlamento ’абмеркаванне, перагаворы, сход’ (Брукнер, 396; Фасмер, 3, 208).
Парня́ ’памяшканне з печчу, дзе гнуць абады, дугі’ (ТС). Да па́рыць < па́ра 1 з суф. ‑ня (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 59).
Парня́ты ’двайняты’ (Юрч.), парня́та ’тс’ (Сцяшк.). Да па́рны < па́ра 2 (гл.), утворанае па ўзору двайняты.
Парог ’бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі; камяністы папярочны выступ на дне ракі, які нарушае плаўнасць цячэння’ (ТСБМ, Інстр. I, Шат., Сл. ПЗБ), поро́г ’парог, прыступкі; сядзенне ў выдзеўбаным чоўне’ (ТС), ’парог; бэлька над дзвярыма’ (Мат. Гом.). Агульнаслав.: рус. поро́г, укр. порі́г, поро́гу, ст.-рус. порогъ, ст.-слав. прагь, польск. próg, в.-луж. proh, н.-луж. prog, чэш. práh, славац. prah, серб.-харв. пра̏г, славен. prág, балг. праг(ът). Прасл. porgъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. pérgas ’рыбачы човен’, ст.-ісл. forkr ’дубіна’, ст.-сакс. ferkal ’засаўка’, лац. pergula ’прыбудова ў доме, выступ у сцяне, вінаграднік, хаціна, гарышча’, магчыма, і арм. harkanem ’б’ю’ (гл. Траўтман, РВВ, 32, 151 і наст.; Вальдэ-Гофман, 288; Фасмер, 3, 329; там жа і інш. літ-pa). Адносна семантыкі бел. слова параўн. серб.-харв. prag (на востраве Пату), якое абазначае любое з чатырох бэлек дзвярной рамы, і лац. limen ’парог; верхняя бэлька над дзвярыма’ (гл. Махэк₂, 478).
Парода ’група свойскай жывёлы аднаго віду і агульнага паходжання, якая адрозніваецца ад іншых груп пэўнымі прыкметамі; разнавіднасць раслін; род, сям’я, радня; прыналежнасць да якой-н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне’. Да род (гл.); да таго ж породня́ (ТС) ’род, парода’.
Пародыя ’твор, сатырычны або камічна падроблены пад іншы твор’ (ТСБМ). З рус. паро́дия ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 78). Рус. слова з’яўляецца кніжным запазычаннем праз польск. parodja або непасрэдна з лац. parōdia ад грэч. παρωδία ’спеў наадварот’ (Фасмер, 3, 208).
Парожні, парожны ’пусты, нічым не запоўнены’ (ТСБМ, Нас., Шат., Янк. БП), поро́жні ’пусты; нішчымны, не прыпраўлены’ (ТС), паро́жневаць ’быць не занятым’ (Нас.), порожнева́ти ’тс’ (Клім.). Рус., укр. поро́жний, ст.-рус. порожьнъ, польск. próżny. Аднакаранёвае са ст.-рус. пороздьнъ, ст.-слав. праздьнъ, в.-луж. prózdny, prózny, н.-луж. prozny, чэш. prázdný, славац. prázdny, серб.-харв. пра̑зни, славен. prázen, prázna, балг. пра́зен, пра́зден. Для ўсх.-слав. і польск. Фасмер (3, 330) узнаўляе прасл. porzdьnjo‑, для астатніх — porzdьnъ. Далейшыя і.-е. сувязі няпэўныя. Горшаль (SR, 5–7, 1954, 121) слав. porzdъ тлумачыць з pors‑do і лічыць роднасным хец. parš‑ ’бегчы’, герм. *ferzan ’аддаляць’, аналагічна слав. pustъ (гл. пусты): pustiti.
◎ Пароліца ’вострая драўляная лапатка, якой аддзяляюцца пласты мёду’ (Машынскі, Uwagi, 43). Дэрыват з суф. -ліца (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 50) ад пароць (гл.).
Пароль ’сакрэтнае ўмоўнае слова або фраза для апазнання сваіх людзей на вайсковай службе або ў канспіратыўных арганізацыях’ (ТСБМ). З рус. пароль (Крукоўскі, Уплыў, 82), якое з франц. parole ’слова, гутарка’ < народна-лац. *parábola з грэч. παραβολή ’прытча’ (Фасмер, 3, 208).
Паро́м ’плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк.; Маш., 130; Інстр. I), поро́м ’тс’ (ТС), паромшчык. Агульнаслав.: рус. поро́м, паро́м, укр. поро́м, ст.-рус. поромъ, польск. prom, чэш., славац. prám, серб.-харв. пра̏м, балг. прам. Прасл. pormъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: ст.-ісл. farmr ’цяжар, ноша, груз’, ст.-в.-ням. farm, сяр.-в.-ням. varm ’човен, паром’, ст.-в.-ням. faran ’ехаць’, грэч. περάω ’пранікаю, праходжу’ (гл. Траўтман, 216; Фасмер, 3, 331 з літ-рай). Слав. слова не запазычана з ням. Prahm ’паром’, таму што апошняе ўзыходзіць да чэш. prám (гл. Фасмер, там жа; Махэк₂, 479).