Па́ва ’самка паўліна’ (ТСБМ, ТС, КЭС лаг.). Рус. па́ва ’тс’, пав ’паўлін’, укр. па́ва, чэш., славац. pav, польск., в.- і н.-луж. paw. Ст.-бел. павъ (са ст.-польск. pawv — Булыка, Запазыч., 234; ён жа, Лекс. запазыч., 145). У слав. мовы запазычана з лац. pavo ’паўлін’ праз ст.-в.-ням. pfawo ’тс’ (Фасмер, 3, 181). Па́ва — карэлятыўная форма жаночага роду да паў.
Пава́га ’пачуццё пачцівасці да каго-, чаго-н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп.). Ст.-бел. павага (1528 г.). З польск. powaga ’павага, паважнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 186). Таксама паважа́ць (ТСБМ, Касп., Шат.) < польск. poważać ’тс’. Як мяркуюць Фасмер (4, 144), Махэк (674), уся група з коранем ‑ваг‑ ва ўсх.-слав. з польск., дзе звязана з нов.-в.-ням. Wage ’вага’ (гл. яшчэ Брукнер, 598).
Павады́ ’сцяблы і лісце агуркоў’ (БДА, 863). Гл. повад.
Павады́р ’той, хто водзіць каго-н.’ (ТСБМ, Нас., Гар., Касп., Шат., Янк. 2, Грыг., Мядз., Сцяшк.), паво́дыр (Бяльк.). Усходнеслав.: рус. пово́дырь, укр. пово́дарь, пово́дирь ’тс’. Ад povoditi < voditi (гл. вадзіць) з суф. ‑yrʼ; праславянская мадэль (SP, 2, 28).
Паважа́ты ’выконваючы пасаду фурмана ў вясельным поездзе’ сваяк нявесты’ (Нас.). Гл. важа́ты.
Пава́жыцца ’пасмець, асмеліцца’ (ТСБМ). Запазычанне з польск. poważyć się ’тс’. Гл. таксама адвага, павага.
Пава́л 1 ’дзеянне паводле значэння дзеяслова паваліць; тое, што павалена; павалены лес, буралом’ (ТСБМ, Яруш., Касп.), пава́ла (Шат.), пава́лка ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. валіць.
Пава́л 2 ’столь’ (Сцяшк. Сл., Шатал.), ’гара на хаце’ (Шатал.), пава́ла ’столь’ (Тарн.), пова́л ’тс’ (Шушк., ДАБМ, 116). Запазычанне з польск. powała ’столь з бярвення’, на што паказвае геаграфія слова. Муж. род, відавочна, пад уплывам павал 1. Польск. слова ад прасл. valiti (параўн. Брукнер, 599; Махэк, 676).
Пава́л 3 ’эпідэмія, мор’ (Сцяшк.). З рус. пова́л ’эпідэмія, чума, мор’ (ср. повальная болезнь). Далей да вал, валіць.
Паваложжа ’зграя’ (Сл. ПЗБ, раг.). Дэрыват ад паваліць ’ісці, быць у вялікай колькасці’ < валіць з суф. ‑ога (адносна словаўтварэння параўн. SP, 1, 67) + суф. зборнасці ‑je.
Павалока 1 ’лёгкая дымка, якая зацягвае, пакрывае што-н.; пялёнка на вачах; памутненне’ (ТСБМ, Нас.), па́валака ’пялёнка (на вадзе)’ (Нас., Касп.), ’пакрывала, прасціна’, ’валакно ад льна або пянькі’ (Нас.). Рус. павало́ка ’каштоўная заморская баваўняная або шаўковая тканіна, пакрывала, накідка’, дыял. поволо́ка ’верх, покрыўка кажуха’, укр. поволо́ка ’рамні, шнуркі на абутку; след ад валачэння нечага’, ст.-рус. паволока ’від каштоўнай тканіны’, серб.-ц.-слав. павлака, польск. powłoka ’накрыўка’, чэш. pavlaka ’каштоўная пурпуровая тканіна’, серб.-харв. па̏влака, по̏влака ’смятанка, пенкі’. Ад валачы́ (гл.). Прэфіксы po‑ і pa‑ (з падаўжэннем) (гл. Фасмер, 3, 182; Махэк, 439).
Павало́ка 2 ’прымак’ (Мат. Гом.). Да валачыць, валачыцца, параўн. і валачуга (гл.).
◎ Павалочка ’кажух, пакрыты сукном, шуба’ (Бяльк., Сцяшк. Сл.). Рус. арх., наўг., перм. поволока ’верх, пакрышка кажуха’, цвяр. поволбчня, поволбчная шуба ’жаночы кажух, які пакрыты халстом’. Ад павалачыць < валачыць (гл.).