Парог ’бервяно або брус, прымацаваныя пад дзвярамі паміж вушакамі; камяністы папярочны выступ на дне ракі, які нарушае плаўнасць цячэння’ (ТСБМ, Інстр. I, Шат., Сл. ПЗБ), поро́г ’парог, прыступкі; сядзенне ў выдзеўбаным чоўне’ (ТС), ’парог; бэлька над дзвярыма’ (Мат. Гом.). Агульнаслав.: рус. поро́г, укр. порі́г, поро́гу, ст.-рус. порогъ, ст.-слав. прагь, польск. próg, в.-луж. proh, н.-луж. prog, чэш. práh, славац. prah, серб.-харв. пра̏г, славен. prág, балг. праг(ът). Прасл. porgъ. Роднасныя ў і.-е. мовах: літ. pérgas ’рыбачы човен’, ст.-ісл. forkr ’дубіна’, ст.-сакс. ferkal ’засаўка’, лац. pergula ’прыбудова ў доме, выступ у сцяне, вінаграднік, хаціна, гарышча’, магчыма, і арм. harkanem ’б’ю’ (гл. Траўтман, РВВ, 32, 151 і наст.; Вальдэ-Гофман, 288; Фасмер, 3, 329; там жа і інш. літ-pa). Адносна семантыкі бел. слова параўн. серб.-харв. prag (на востраве Пату), якое абазначае любое з чатырох бэлек дзвярной рамы, і лац. limen ’парог; верхняя бэлька над дзвярыма’ (гл. Махэк₂, 478).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)