Башта́ ’агарод у полі’. Гл. башта́н.
Башта́н ’агарод у полі’ (Яшкін), ’калгасны агарод’ (Лысенка, ССП). Рус. башта́н ’бахча’ (< укр.), укр. башта́н ’тс’. З тур.-перс. bostan ’агарод’. Бернекер, 77; Фасмер, 1, 139. Параўн. Шанскі, 1, Б, 64; Рудніцкі, 92. Форма башта́ ’бахча’ (Яшкін) узнікла кантамінацыяй слоў башта́н і бахча́.
Башыбузу́к. Укр. башибузу́к. Запазычанне з рус. башибузу́к (раней ’салдат нерэгулярнага турэцкага войска’) < тур. başibozuk ’атрады нерэгулярнага войска’ (baş ’галава’, bozuk, buzuk ’шалёны, сапсаваны’). Адносна рус. слова гл. Фасмер, 1, 138; Шанскі, 1, Б, 62.
Баю́р ’гурба снегу’ (зах.-палес., Талстой, Геогр., 233). Асцярожна можна параўнаць з укр. (праўда, не вельмі добра дакументаваным словам) баю́ра ’пагорак’ (Піскуноў, Словарь). Слова няяснага паходжання. Талстой, там жа, з запытаннем, вылучае дзве магчымасці тлумачэння: 1) энантыёсемія па прынцыпу ’верх’ ⟷ ’ніз’ (параўн. зах.-палес. баю́ра ’штучная яма’); 2) нейкая сувязь (запазычанне) з тур. bayır ’узгорак, пагорак’ (што дало, дарэчы, байра́к, гл.).
Баю́ра ’лужына’ (Сцяшк. МГ), баю́рына ’кар’ер, запоўнены вадой’ (Жд.), гл. яшчэ Яшкін. Укр. баю́ра, балю́ра, баню́ра, банюр, байо́ро ’вялікая, глыбокая лужа; ямка ў земляной падлозе’. Польск. bajor ’сажалка’, bajoro ’тс’, bajura, bejura ’лужына’, bániory ’глыбокія месцы ў вадзе’, bonior, banior ’глыбіня ў рэчцы, вір’. Сувязь з ням. Weiher ’сажалка’ (г. зн. запазычанне з ням.) вельмі няпэўная. Слаўскі (1, 26) думае пра *bańor(o) < bańa (з дыялектным nʼ > j > lʼ). З геаграфічных меркаванняў (у бел. і ўкр. мовах, галоўным чынам у заходніх гаворках) выходзіць, што бел. і ўкр. словы ўзяты з польскай мовы.
Баю́ўка ’хустка з байкі’. Гл. баёвік.
Бая́н ’музыкальны інструмент’, укр. бая́н. Запазычанне з рус. бая́н ’тс’ (а гэта па імені легендарнага Баяна ў «Слове о полку Игореве»). Назва была дадзена рускім гарманістам А. Ф. Арланскім-Цітарэнкам (1877–1941) першаму ў свеце храматычнаму гармоніку, які сканструяваў тульскі майстар М. І. Белабародаў (1827–1912). Гл. БСЭ; Шанскі 1, Б, 65.
Бая́рын. Рус. боя́рин (ст.-рус. бояринъ), укр. боя́рин, ст.-слав. болꙗринъ (мн. болꙗре), балг. боля́рин, боля́р, серб.-харв. бо̀љарин, бо̀љар, славен. boljár. Слова, якое выступае толькі ў паўд. і ўсх. славян. Найбольш верагоднай з’яўляецца версія пра запазычанне з адной з старых цюркскіх моў. Параўн. пратабулг. тытулы, запісаныя грэчаскім пісьмом: βωυλε, βοιλα, βοηλα, βουληα і г. д. Першапачаткова (л)ꙗр(е) было канчаткам мн. ліку ў пратабулг. мове (параўн. цюрк. ‑lar). З ст.-слав. мовы слова папала да ўсх. славян. Геаргіеў, ИИБЕ, 1952 (2), 89; БЕР 1, 66. Шматлікія іншыя тлумачэнні і версіі (у тым ліку і фанетычныя) гл. у Фасмера, 1, 203–204. Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне (гл. Шанскі, 1, Б, 182) слова з слав. крыніцы (< bojь ’бітва’). Няпэўная таксама кельтская этымалогія Шахматава (AfslPh, 33, 86). Агляд версій гл. таксама ў Шанскага, 1, Б, 181–182. Форма бая́рынь (Шат.) пад уплывам бая́рыня (рус.), як ба́рынь (гл.) пад уплывам ба́рыня. У песнях і да т. п. сустракаюцца формы бая́рка ’пані’ (Нас.), ’шаферка’ (Касп.), бая́рʼе, боя́ре (Нас.), быя́ря (Бяльк.), бая́рыя ’панства’ (Сцяшк. МГ).
Бая́цца. Рус. боя́ться, укр. боя́тися, польск. bać się, чэш. báti se, ст.-слав. боꙗтисѧ, балг. бо́я се, серб.-харв. бо̀јати се і г. д. Прасл. bojati sę ’баяцца’. Параўн. літ. bajùs ’страшны’, bijótis ’баяцца’, ст.-інд. bháyatē ’баіцца’ і да т. п. Траўтман, 24; Бернекер, 68; Слаўскі, 1, 25; БЕР, 1, 71; Фасмер, 1, 204; Праабражэнскі, 1, 41. Няпэўнай з’яўляецца думка (Зубаты, Studie, 1, 1, 79–90; падтрымліваюць Трубачоў, Дополн., 1, 204; Шанскі, 1, Б, 183) пра сувязь з biti ’біць’. Сюды і прасл. bojaznь (суф. ‑znь): бел. баяз́нь, бо́язь, рус. боя́знь, укр. боя́знь, польск. bojaźń, чэш. bázeň, ст.-слав. боꙗзнь і г. д. Параўн. падобнае ўтварэнне: ст.-прус. biāsnan ’страх’.