Байра́к 1 ’сухое рэчышча ў яры’ (Яшкін), таксама буйра́к (ст.-бел. байрак ’сухое рэчышча’, з XVII ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. баера́к, буера́к, байра́к, боера́к, бара́к ’яр, роў і г. д.’, укр. байра́к, байра́ка ’лясок у яру і г. д.’ Відаць, запазычанне з цюрк. моў: тур. bayir ’узгорак, грудок, схіл гары (парослы дрэвамі)’, карай, bajrak ’гара, узгорак’. Гл. Фасмер, 1, 104, 231 (там і агляд літ-ры). Аб далейшым развіцці значэння гэтага слова гл. пад байра́к 2.
Байра́к 2 ’месца, зарослае бур’янам’ (Булг.). Мабыць, вынік дэградацыі геаграфічнага тэрміна байра́к (гл. байра́к 1) на беларускай тэрыторыі (аб магчымых прычынах гл. пад байра́к 3). Але параўн. і польск. дыял. baraki ’густыя зараснікі’.
Байра́к 3 ’дрэннае, пустое’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10: Адна́ хво́я до́бра, смалі́ста, друга́я — байра́к). Як відаць з кантэксту, справа ідзе аб дрэнным дрэве. Параўн. польск. bajrak ’кручкаватая сасна’. Відаць, рэзультат дэградацыі слова байра́к ’яр’ (гл. байра́к 1). Развіццё семантыкі: ’яр, яр з лесам, борам’ → ’лес, бор’ → ’дрэвы пэўнага выгляду’ (адносна хістання значэння ў слове байра́к гл. Талстой, Геогр., 101). Паколькі Беларусь і Польшча знаходзяцца на перыферыі пашырэння геаграфічнага тэрміна байра́к, то там лёгка развіваюцца другасныя, пераносныя значэнні.
Байра́к 4 ’склеп’ (Мат. конф. МГПИ, 1966, 10). Відавочна, трансфармацыя слова бара́к ’барак’ (да фанетыкі параўн. рус. дыял. байрак ’бальнічны барак’).
Байра́к 5 ’благі чалавек’ (Булг.). Няяснае слова. Можна думаць пра запазычанне з цюрк. моў. Параўн. укр. дыял. байра́к ’сабака-аўчарка’ (< тур.), балг. бара́к ’лахматы сабака або чалавек; брудны чалавек’ (< тур. barak, гл. Макарушка, Словар, 4; БЕР, 1, 33). Аднак, магчыма, ёсць сувязь і з байра́к 3 (’дрэннае дрэва’ → ’дрэннае, пустое’ → ’дрэнны чалавек’).