Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Валанты́рыць ’бадзяжнічаць’ (Нас.). Да валантыр (гл.).

Валанца́й ’валацуга’ (З нар. сл.). Да валацай (з устаўным ‑н‑) < валачыцца ’бадзяцца’.

Валанцёр ’добраахвотнік’ (КТС). Праз рус. волонтёр < франц. volontaire ’тс’ (Фасмер, 1, 342; Шанскі, 1, В, 151; Рудніцкі, 1, 474).

Валапа́с ’пастух, які пасе валоў’ (Некр.). Словаскладанне: вол і пасвіць. Параўн. валавод, абармот.

Валапю́к (БРС). Праз рус. волапюк з франц. (штучнае слова) < англ. world ’свет’ і speak ’гаварыць’ (Блох-Вартбург, 646; Скіт, 695; Шанскі, 1, В, 147).

Валасае́д ’насякомае, Trichodectidae’ (КЭС). Да волас і есці (БелСЭ, 2, 567).

Валасажа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, Плеяды’ (Бяльк.). Іншыя назвы вісыжар, валоскі, валосны, стажары (гл.). Рус. волосожары, стожары, висожары, тул. сожар, сажар ’тс’, укр. волосожар, ц.-слав. власожельць, власожелишти, власожилишти, власожалицѧ ’тс’ (Сразн., 1, 270), серб.-харв. вла̏шићи ’тс’. Апошняе Міклашыч (394) звязвае з волох, влах, старой назвай раманскіх народаў. Наяўнасць назваў тыпу валоскі, валосны, рус. волосыни, ст.-рус. волосыни ’тс’ дало падставу звязаць назву сузор’я з волас (Праабражэнскі, 1, 93; Фасмер, 1, 343; Рудніцкі, 1, 469; Скок, 3, 609). Такім чынам, існавалі, відаць, дзве назвы Плеяды — ад волас і ад стажара (Фасмер, 3, 764), якія былі збліжаны і кантамінаваны. Вісыжар, магчыма, з’яўляецца другасным утварэннем, узнікшым у выніку змешвання валасы і вісы, віскі ’валасы на скронях’ (версія В. У. Мартынава).

Валаса́ты ’праставалосы’ (Жд.). Да волас.

Валасе́нь 1 ’пухір на пальцах, хвароба’ (Нас.). Насовіч тлумачыць, што хвароба названа так таму, што яе выклікае быццам бы чарвяк, падобны да воласа (Нас., 65).

Валасе́нь 2 ’хвароба’. Гл. валаснік 1.

Валасе́нь 3 ’нітка або жылка ў вудзе’ (бых., КЭС), валаснік ’тс’ (Гарэц.). Да волас, з якога робіцца такая жылка.

Валасе́нь 4 ’моцная высокая трава’ (Маш.), валасень, валасняк ’расліна, Hieracium pilosella L.’. Да волас.

Валасе́нь 5 ’від чарвяка, Nematomorpha, Gordiacea’ (КЭС). Назва дадзена за валасападобнае цела (БелСЭ, 2, 567).

Валаска́я, волоська́я ’будынак валаснога праўлення’ (КЭС). Да воласць.