Барвя́к ’брод’ (Касп.). Відавочна, з бэ́рва ’кладка, жэрдачка праз раку’ (гл.).
Барда́ 1 ’брага’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ). Рус. барда́, укр. барда. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тое ж самае, што і бурда́ (гл.). Фасмер (1, 126) указвае на паралелі салта́н|султа́н. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 43; Рудніцкі, 80. Сюды і бел. бардахлы́ст ’п’яніца’ (Нас.) да барда́ і хлыста́ць. Парася. рус. бурдохлы́ст ’вельмі дрэнная ежа, дрэнны напітак’ (гл. Фасмер, 1, 207, пад брандахлы́ст).
Барда 2 ’тупая сякера’ (Касп.). Гл. барта.
Бардады́м ’бамбіза’ (Гарэц.), ’высокі і нехлямяжы чалавек’ (Др.-Падб.). Рус. дыял. бардады́м ’нехлямяжы або высокі чалавек’, укр. бардади́м ’вялікі па камплекцыі чалавек, высокі чалавек’. У аснове ляжыць дэфармаваная назва манаха-бернардынца (параўн. бел. бардады́н ’манах ордэна св. Бернарда’, Нас.), фігура якога ў народзе выклікала насмешкі і жарты. Параўн. у польск. мове: Bernardyński kark. — Palnał bernardyński (= duży) kieliszek starki. — Zaczął zajadać z bernardyńskim apetytem (Варш. сл., 1, 116). Адсюль ’здаровы, мажны чалавек, бамбіза і г. д.’ Падрабязна гл. Краўчук, ЛБ, 8, 73. У рус. мове бардады́м (бардада́шка, барда́шка) таксама ’картачны кароль чорнай масці’ (аб гэтым Папоў, Лекс., 50; Трубачоў, ЭИРЯ, 3, 42–44; памылкова Праабражэнскі, 1, 17 і Фасмер, 1, 126).
Бардзю́р ’абрамленне, кайма і г. д.’ Рус. бордю́р (з XVIII ст.), укр. бордю́р. Новае запазычанне (напэўна, праз рус. мову) з франц. bordure ’тс’ (а гэта вытворнае ад bord ’край’). Фасмер, 1, 193; Шанскі, 1, Б, 167.
Бардо́ ’бардовы колер; віно’. Рус., укр. бордо́. Запазычанне з франц. мовы (бел., укр. праз рус.): франц. bordeaux ’віно з Бардо’ (ад назвы мясцовасці Bordeaux). Адсюль пазней утварылася назва колеру. Фасмер, 1, 193; Шанскі, 1, Б, 166–167. Франц. слова вядомае і ў іншых еўрап. мовах (і як назва колеру): ням. bordeaux, ісп. bordó, італ. bordò, венг. bordó. Гл. яшчэ MESz, 1, 344.
Бар’е́р. Рус. барье́р, укр. барʼє́р. Запазычанне з франц. barrière ’тс’. Фасмер, 1, 129. Некаторыя ўдакладненні гл. Шанскі, 1, Б, 50–51.
Ба́ржа. Рус. ба́ржа (з XVII ст.), укр. ба́ржа. Запазычанне з англ. мовы (< англ. barge < франц. barge < італ. barca і г. д.). Падрабязна Шанскі, 1, Б, 43–44. (Фасмер, 1, 126, недакладна тлумачыў як запазычанне з франц. або с.-н.-ням.).
Барздэ́ (прысл.) ’няўцям’ (Клім.: Мыні й барздэ́, шо Ко́ля там міг бы бу́ты). Не вельмі яснае слова. Марыць, першапачаткова абазначала ’хутчэй’ і звязана з бардзе́й, барздзе́й, барджэ́й, баржджэ́й ’хутчэй’ (ад бо́рзды ’хуткі’, бо́рзда ’хутка’). Значэнне ’няўцям’ магло развіцца, напр., з такіх сказаў: Яму няўцям, а мне барзджэ́й (няўцям). Але паколькі ў гэтай палескай гаворцы оканне, то зыходзіць трэба з *барздэ(й) ад польск. барзо, бардзо ’вельмі’ (bardzo, barzo, гл. пад ба́рзо).
Ба́рзо ’вельмі’ (Бесар.), бардзо (пінск., Бяс.), ст.-бел. барзо (Гіст. лекс., 97; Нас. гіст.: XVI ст., Булыка, Запазыч.), укр. ба́рдзо, барзо, барз і г. д. (з XVI ст.). Запазычанне з польск. bardzo, barzo, barz і г. д. ’вельмі’ (а гэта да прасл. *bъrxъ ’хуткі’, гл. падрабязна Слаўскі, 1, 27). Рыхардт, Poln., 33; Рудніцкі, 80; Гіст. лекс., 97. Сюды ж і ба́рзы ’добры, ветлівы’ (Нас.).
Ба́рка ’барка’ (БРС), ’невялікая дашчаная лодка’ (Маслен.). Рус. ба́рка, укр. ба́рка ’тс’. Запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Barke або франц. barque, італ. barca. Фасмер, 1, 127 (там і падрабязней аб першакрыніцы слова). Іначай Шанскі, 1, Б, 45 (< ням.).