Бардады́м ’бамбіза’ (Гарэц.), ’высокі і нехлямяжы чалавек’ (Др.-Падб.). Рус. дыял. бардады́м ’нехлямяжы або высокі чалавек’, укр. бардади́м ’вялікі па камплекцыі чалавек, высокі чалавек’. У аснове ляжыць дэфармаваная назва манаха-бернардынца (параўн. бел. бардады́н ’манах ордэна св. Бернарда’, Нас.), фігура якога ў народзе выклікала насмешкі і жарты. Параўн. у польск. мове: Bernardyński kark. — Palnał bernardyński (= duży) kieliszek starki. — Zaczął zajadać z bernardyńskim apetytem (Варш. сл., 1, 116). Адсюль ’здаровы, мажны чалавек, бамбіза і г. д.’ Падрабязна гл. Краўчук, ЛБ, 8, 73. У рус. мове бардады́м (бардада́шка, барда́шка) таксама ’картачны кароль чорнай масці’ (аб гэтым Папоў, Лекс., 50; Трубачоў, ЭИРЯ, 3, 42–44; памылкова Праабражэнскі, 1, 17 і Фасмер, 1, 126).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)