Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сверсць ‘калодзежны журавель’ (астрав., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка (4, 386), з літ. svirtìs ‘тс’.

Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Свесь (сьвесь) ‘сястра жонкі’ (Ласт., Касп., Янк. 1, Сл. рэг. лекс.; мазыр., Шатал.; ТС), свесць (сьвесць) ‘тс’ (ТС, Шат., Маш., Ян., Кольб.), свісць (сьвісьць) ‘тс’ (Клім., Сл. Брэс.), сьве́сьця ‘тс’ (Касп.), сьве́стка ‘тс’ (Ласт.); укр. свість, рус. дыял. свесть, све́стка ‘швагерка’, стараж.-рус. свесть, свьсть, свѣсть, польск. świesć ‘сястра мужа або жонкі’, серб. сва̑ст, сва̏сти ‘швагерка’, славен. svȃst, svẹ̑st, балг. све́стка, макед. дыял. свеска ‘тс’. Прасл. *svьstь, svěstь мае адпаведнікі ў літ. sváinis ‘сваяк’ (паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 171), літоўскай мове характэрна сінанімія суф. ‑nis‑/‑sis‑), лат. svaĩnis ‘брат жонкі’ побач з sìvystàs ‘цесць’, ст.-ісл. sveinn ‘хлопчык, хлопец, слуга’, ст.-в.-ням. geswîo ‘сваяк’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 575; Міклашыч, 322; Младэнаў, 571, 573; Скок, 3, 226. Далей да свой (гл.). Трубачоў (История терм., 140) словаўтварэнне тлумачыць як далучэнне суф. ‑st‑ да асновы *svь‑, якая ўтварылася ў выніку рэдукцыі кораня: *svь‑ < sve‑, svo‑; першапачаткова гэта быў nomen abstractum са значэннем ‘прыналежнасць да сваіх, сваяцтва’. Аднаўленне сувязі ў рус. свояченица ‘швагерка’, параўн. Шаўр, Etymologie, 45.

Свет ‘зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет’, ‘асобная частка сусвету, планета’, ‘чалавечае грамадства’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), свет, белы свет ‘акаляючая прастора; далёкі край’ (ТС, Сержп., Сл. ПЗБ), той свет ‘замагільная існасць’ (ТС), свет ‘святло; світанне’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ‘шмат, безліч’ (Сл. ПЗБ, ТС, Гіл.), ст.-бел. светъ ‘планета; сусвет’, ‘зямное ці замагільнае існаванне’, ‘святло, ззянне’. Укр. світ ‘святло, світанак’, ‘сусвет; людзі’, рус. свет ‘тс’, ст.-рус. свѣтъ ‘святло; светач’, ‘сусвет’, польск. świat, в.-луж., н.-луж. swět ‘тс’, чэш. svět, славац. svet ‘свет’, серб.-харв. све̑т, сви̏јет, славен. svȇt ‘свет; людзі’, балг. свят ‘свет’, макед. свет ‘тс’. Прасл. *světъ ‘святло’ > ‘сусвет’, звязанае чаргаваннем галосных са ст.-слав. свьтѣти(сѧ) ‘свяціцца’. Паралелі ў ст.-інд. śvetáh ‘белы, светлы’, авест. spaēta ‘тс’, літ. šviẽsti, šviẽčia ‘свяціць’, лац. vitrum ‘шкло’, ст.-в.-ням. hwîʒ ‘белы’; гл. Траўтман, 310; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1165; Майргофер, 3, 405 і наст.; Фасмер, 3, 575. Шустар-Шэўц (1387) лічыць *světъ дэвербатывам ад прасл. *svьtěti sę, *svítati (гл. свяціць), гл. таксама Мартынаў, Лекс. взаим., 169. Сной₁ (622) тлумачыць семантычны пераход ‘святло’ — ‘свет’ як ‘дзе святло, дзе бачна’, што характэрна і для іншых індаеўрапейскіх моў (Борысь, 623). Пераход ‘акаляючая рэальнасць; святло’ — ‘мноства’, акрамя славянскіх моў, вядомы балтыйскім і фінскім мовам, гл. Непакупны, Связи, 53.

Светаві́т, Светові́т ‘міфічная істота, што ўвасабляе сонца’: Световіт — бог Слонца і самы глаўны (маст., шчуч., Сл. ПЗБ). Няясна, параўн. све́таць ‘свяціць’: лучына светая (Сл. ПЗБ) (гл. свяціць, святло). Нягледзячы на фармальнае падабенства, няяснымі застаюцца адносіны да назвы бога ў пантэоне балтыйскіх славян Svantavit, Szventevit, Zwantevith — “единственное божество у славян, в чьем имени обнаруживается элемент svęt ‘святой’ в языческом понимании этого слова” (Тапароў, Слав. др., 1, 212), другая частка назвы сустракаецца ў іншых назвах багоў — Яравіт, Руявіт, Паравіт і рэканструюецца як *vitъ пры параўнанні з ц.-слав. домовитъ ‘галава сям’і’, ‘гаспадар’ або пры параўнанні з лац. victima як *viktъ ‘праяўленне сілы’, гл. Тапароў, Этимология 1986–1987, 38. Варыянт з канцавым звонкім *Svętovidъ Скок (3, 370–371) звязвае з культам святога Віда на Балканах, які ў часы хрысціянізацыі замяніў паганскае боства, параўн. харв. Vidova gora (тапонім на востраве Брач). Брукнер (537) атаясамлівае першую частку імені Świętowit, якая шырока вядома ў славянскіх паганскіх імёнах (Святаполк, Святаслаў і пад.; гл. святы), з *jarъ> ‘моцны’ (гл. яры), прадстаўленым таксама ў імёнах Яраслаў, Яраполк і інш.; інакш, як ‘багабойны’, трактуе першую частку імені Святаполк Фасмер, 3, 585. Параўн. таксама заўвагу Машынскага (Kultura, II, 2, 442) аб тым, што “słońce często bywa nazywane przez Słowian świętym”. Гл. Цыхун, Зб. Мальдзісу, 401–402. Гл. таксама Бел. міф.₂, 455–456.

Светагля́д ‘кругагляд, светапогляд, светабачанне’ (Ласт., Некр. і Байк.). Як і светапо́гляд ‘тс’ (ТСБМ), з’яўляецца інтэрнацыянальнай калькай, параўн. рус. мировоззрение ‘тс’, польск. światopogląd ‘тс’, крыніцай якіх лічыцца ням. Weltanschauung ‘тс’ (< Welt ‘свет’ і Anschauung ‘погляд ), гл. Фасмер, 2, 626; Нававейскі, Zapożyczenia, 15. Меркаванне пра калькаванне польскага слова (Цімошук, Studia z filologii ros. i słów.: Białorutenika, 22, 30) цяжка давесці, паколькі ўпершыню сьветагля́д (Гарэц. 1) фіксуецца ў 20‑я гг. XX ст. як пераклад рус. миросозерцание.

Све́так ‘сведка’ (Нас.), свіэток ‘тс’ (Бес.). Гл. сведка; магчыма, пад уплывам польск. swiadek, ‑т‑ з светка, светкі (гл.).

Све́тач ‘каганец, лучнік, прыстасаванне трымаць лучыну’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Жд. 2, Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл., Мат. Маг., ЛА, 4), перан. ‘пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды і культуры’ (ТСБМ); іншыя варыянты: сьве́тыч (Бяльк.), све́таш, свя́таш, све́туш, світа́ч (Сл. ПЗБ). Укр. сві́та́ч ‘маленькі жалезны падсвечнік пры іконе, жалезная рашотка для лучыны ў палескай курной хаце’, све́тич, сві́тич ‘каганец, ліхтар’, рус. кніж. све́точ ‘вялікая свечка, ліхтар’ да паловы XIX ст., потым толькі ў пераносным значэнні ‘свяцільнік, зніч’ у высокім рытарычным стылі, гл. Вінаградаў, Этимология–1963, 87 і наст.; дыял. (зах.) светыч ‘прыстасаванне для асвятлення’, ст.-рус. свѣтычь ‘каганец, свяцільня’. Да асновы свет‑ (гл. свет, святло). Суфіксацыя выклікае цяжкасці. Для рускага слова Вінаградаў (там жа) першаснай лічыць форму светыч, а форма светоч магла ўзнікнуць па фанетычных прычынах у акаючых гаворках, а таксама пад уплывам марфалагічных змяненняў з-за ізаляванасці суф. ‑ыч‑, яго архаічнага і дыялектнага характару. Аднак Слаўскі (SP, 1, 103) выводзіць з пашыранага фармантам ‑jь суф. ‑okъ праславянскі суф. ‑očь, прадстаўлены ў польск. дыял. żarłocz ‘абжора’, widocz ‘прывід; уяўленне’ і інш., што не выключае яго рэалізацыі ў светач. Вярхоў (Бел. мова, 80 і наст.) дапускае магчымасць запазычання слова з рускай мовы, але падкрэслівае, што поўнасцю гэта можна сцвярджаць толькі для пераносных значэнняў беларускага слова, якія з’явіліся пад уплывам рускай мовы. Не выключана і адваротнае запазычанне ў рускую мову зыходнага светач, улічыўшы шырокае распаўсюджанне слова ў народнай мове, формы з канцавым націскам на суф. а́ч і дзеяслоў све́таць ‘свяціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ).

Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Све́тлік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (Сцяшк.). Да светлы, святло (гл.).