Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)