Свесь (сьвесь) ‘сястра жонкі’ (Ласт., Касп., Янк. 1, Сл. рэг. лекс.; мазыр., Шатал.; ТС), свесць (сьвесць) ‘тс’ (ТС, Шат., Маш., Ян., Кольб.), свісць (сьвісьць) ‘тс’ (Клім., Сл. Брэс.), сьве́сьця ‘тс’ (Касп.), сьве́стка ‘тс’ (Ласт.); укр. свість, рус. дыял. свесть, све́стка ‘швагерка’, стараж.-рус. свесть, свьсть, свѣсть, польск. świesć ‘сястра мужа або жонкі’, серб. сва̑ст, сва̏сти ‘швагерка’, славен. svȃst, svẹ̑st, балг. све́стка, макед. дыял. свеска ‘тс’. Прасл. *svьstь, svěstь мае адпаведнікі ў літ. sváinis ‘сваяк’ (паводле Атрэмбскага (Gramatyka, 171), літоўскай мове характэрна сінанімія суф. ‑nis‑/‑sis‑), лат. svaĩnis ‘брат жонкі’ побач з sìvystàs ‘цесць’, ст.-ісл. sveinn ‘хлопчык, хлопец, слуга’, ст.-в.-ням. geswîo ‘сваяк’ і інш. Гл. Фасмер, 3, 575; Міклашыч, 322; Младэнаў, 571, 573; Скок, 3, 226. Далей да свой (гл.). Трубачоў (История терм., 140) словаўтварэнне тлумачыць як далучэнне суф. ‑st‑ да асновы *svь‑, якая ўтварылася ў выніку рэдукцыі кораня: *svь‑ < sve‑, svo‑; першапачаткова гэта быў nomen abstractum са значэннем ‘прыналежнасць да сваіх, сваяцтва’. Аднаўленне сувязі ў рус. свояченица ‘швагерка’, параўн. Шаўр, Etymologie, 45.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)