Светаві́т, Светові́т ‘міфічная істота, што ўвасабляе сонца’: Световіт — бог Слонца і самы глаўны (маст., шчуч., Сл. ПЗБ). Няясна, параўн. све́таць ‘свяціць’: лучына светая (Сл. ПЗБ) (гл. свяціць, святло). Нягледзячы на фармальнае падабенства, няяснымі застаюцца адносіны да назвы бога ў пантэоне балтыйскіх славян Svantavit, Szventevit, Zwantevith — “единственное божество у славян, в чьем имени обнаруживается элемент svęt ‘святой’ в языческом понимании этого слова” (Тапароў, Слав. др., 1, 212), другая частка назвы сустракаецца ў іншых назвах багоў — Яравіт, Руявіт, Паравіт і рэканструюецца як *vitъ пры параўнанні з ц.-слав. домовитъ ‘галава сям’і’, ‘гаспадар’ або пры параўнанні з лац. victima як *viktъ ‘праяўленне сілы’, гл. Тапароў, Этимология 1986–1987, 38. Варыянт з канцавым звонкім *Svętovidъ Скок (3, 370–371) звязвае з культам святога Віда на Балканах, які ў часы хрысціянізацыі замяніў паганскае боства, параўн. харв. Vidova gora (тапонім на востраве Брач). Брукнер (537) атаясамлівае першую частку імені Świętowit, якая шырока вядома ў славянскіх паганскіх імёнах (Святаполк, Святаслаў і пад.; гл. святы), з *jarъ> ‘моцны’ (гл. яры), прадстаўленым таксама ў імёнах Яраслаў, Яраполк і інш.; інакш, як ‘багабойны’, трактуе першую частку імені Святаполк Фасмер, 3, 585. Параўн. таксама заўвагу Машынскага (Kultura, II, 2, 442) аб тым, што “słońce często bywa nazywane przez Słowian świętym”. Гл. Цыхун, Зб. Мальдзісу, 401–402. Гл. таксама Бел. міф.₂, 455–456.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)