Свяці́ць ‘выпраменьваць святло; ззяць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. світи́ти, рус. свети́ть, стараж.-рус., ст.-слав. свѣтити, польск. świecić, в.-луж. swecić, н.-луж. swesiś, чэш. svítiti, славац. svietiť, серб.-харв. svétiti, славен. světili, балг. све́тя ‘тс’. Прасл. *světiti ‘свяціць’. Роднасныя літ. švaitýti, švaitaũ ‘свяціць’, ст.-інд. 3 а. адз. л. aş́vait ‘заблішчаў’; гл. Траўтман, 310; Фасмер, 3, 575. Сной₁ (623) узводзіць да і.-е. базы *ku̯ei̯t‑ ‘свяціцца; светлы, белы’. Іншая ступень чаргавання ў світаць, свіцецца (гл.). Аддзеяслоўныя ўтварэнні свяці́ла ‘светач для лучыны’ (гарад., Нар. лекс.), свеце́льнік ‘прыстасаванне для асвятлення хаты лучынай’ (ТС), якому адпавядаюць ст.-польск. świetelnik ‘падсвечнік’, серб. дыял. светелник ‘металічная падстаўка для лучыны пры асвятленні хаты’ (СДЗб, 29, 525) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)