Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пу́чыць ’раздуваць, уздымаць’ (ТСБМ), пу́чыцца ’ўздувацца, узнімацца угору’, параўн. укр. пу́чити ’тс’, рус. пу́чить, пу́читься ’тс’, польск. pęczyć ’рабіць выпуклым, надуваць’, серб.-харв. на̀пучити се ’надуцца, раззлавацца’, славен. pọ́čiti ’лопнуць, трэснуць, разарвацца’, балг. пъ́ча ’выпучваць, настаўляць’, пъ́ча се ’надувацца, рабіцца важным’. Прасл. *pǫčiti ’павялічвацца, пашырацца; трэскацца’ суадносіцца з *pǫkati, гл. пу́каць. Падрабязней Куркіна, Этимология–1982–1984, 13–24; Скок, 3, 67; Банькоўскі, 2, 536. Гл. таксама пя́каць.

Пучэ́лька ’невялікая звязка тытуню’ (ПСл). Да пучок, пук ’вязка, сноп’, параўн.: рэжэм цюцюну пучэчкох (там жа).

Пу́шка1 ’пятка яйца’ (Нас.; ЛА, 1; смарг., ігн., лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; б.-каш., Мат. Гом.). Памянш. ад пуха (гл.); магчыма, звязана з харв. pûš ’тс’, якое Путанец (гл. Скок, 3, 85) лічыць запазычаннем з італьянскай мовы.

Пу́шка2 ’кончык пальца, мякіш’ (ТС; петрык., Шатал.; пухав., З нар. сл.; мазыр., карм., ельск., Мат. Гом., ПСл), ’сустаў пальца, костачка, знешняя паверхня суставаў пальца’ (хойн., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; слуц., Жыв. сл.; ст.-дар., асіп., Сл. ПЗБ; Некр.; Сержп. Грам., светлаг., Мат. Гом.), сюды ж і пу́шка ’лытка’ (ЛА, 3), ’таўстуха’ (івац., Жыв. НС), ’шчопаць’ (ТС). Першапачаткова пу́чка ’тс’ ад пук ’выпукласць’, змененага пад уплывам пу́хлы, параўн. пу́шка ’порхаўка’ (рэч., Нар. сл.; лельч., Жыв. сл.), балг. пу́шка ’мачавы пузыр’ і пад.

Пу́шка3 ’каробка, скрыначка’ (ТСБМ; Мядзв.; Шат.; Некр.; Бяльк.; Ян.; брагін., Нар. словатв.; Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; Янк. 1.; Мат. Гом.), ’вытачаны з дрэва невялікі кубел з накрыўкай для захавання дробных рэчаў’ (Нас.), ’збанок, гаршчок з вузкім горлам’ (кобр., Сіг.; малар., Сл. Брэс.), ’шклянка’: пушка гарэлкі (брагін., Мат. Гом.), ст.-бел. пу́шка ’скрынка’. Лічыцца запазычаннем праз польск. puszka ’тс’, чэш. puška ’тс’ са ст.-в.-ням. buhsa < народнае лац. buxis, грэч. πυξίς ’каробка з самшыту’ (< πυχος ’самшыт’), гл. Фасмер, 3, 415; Булыка, Лекс. запазыч., 190. На прышлы характар рэаліі і слова ўказвае Растаргуеў: пу́шка (выключна ў гарадах) “небольшая деревянная круглая с крышкой коробка от халвы; употреблялась главным образом для хранения мелкой монеты” (ст.-дубск., Растарг.). Пра магчымасць народнаэтымалагічнага асэнсавання слова гл. у Насовіча: “от Пустой, но лит. Puszka” (Нас.).

Пу́шка4 ’гармата’ (ТСБМ, Янк. 1): зробіў скрыпочку і сталяную пушку (гродз., Шн. 2), ст.-бел. пушка ’тс’. Запазычана праз польск. puszka (паводле Банькоўскага, 2, 967: “pożyczka wędrowna”) са ст.-чэш. puška, першапачаткова абазначала як ручную агнястрэльную зброю, так і гармату, што адлюстравалася і ў сучасных славянскіх мовах, параўн. балг. пу́шка ’стрэльба, ружжо’, серб.-харв. пу̏шка, першапачаткова пу̏кша ’тс’; крыніцай славянскіх слоў лічаць сярэднебаварскую форму *pukse ’агнястрэльная зброя’, сучаснае ням. Büchse ’гармата’ < ст.-в.-ням. buhsa ’трубка; ступка, цыліндр’, адкуль і значэнне ’каробка’, гл. пушка3. Параўн. Брукнер, 449; Фасмер, 3, 415; Скок, 3, 71–72; Сной, 516–517; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Патры–Тамушанскі, JBS, 4, 3–4, 120; Адзінцоў, Этимология–1978, 113–133; Этимология–1984, 172. Нельга выключыць народнаэтымалагічнае збліжэнне з пу́хаць, пу́каць, пуска́ць (пушча́ць) і пад., параўн. Чарных, 2, 86.

Пу́шкаць ’ласкатаць’ (ПСл.). Магчыма, гукапераймальнае запухаць, пу́хкаць ’дуць’.

Пушны́1, пушо́н ’з прымессю мякіны, вотруб’я’ (ТСБМ, Ян., Малч.): кыли хлѣбушка пушонъ — могу выпылаць (маг., Шн.), пу́шны (пушный) ’тс’ (Нас.), сюды ж пушно́, пухно́ ’мякіна’ (Нас.). Ад пух ’адыходы пры веянні, мякіна’, параўн. пу́хны (гл.).

Пу́шны2 ’пульхны, мяккі; смачны’ (Бяльк., ТС), пушны́ ’тс’: пушныя бліны (ашм., пухав., Сл. ПЗБ), пуша́ны ’тс’ (віл., там жа), pušány ’мяккі, дзіркаваты; угноены, апрацаваны’: пушаная зімля (Варл.), сюды ж пушно́ ’пульхнае дзіця’ (Бяльк.). Да пушы́ць ’надуваць, рабіць пульхным, пышным’.

Пуштэ́нт ’камень, якім націраюць боты для глянцу’ (Бяльк.). Запазычанне, крыніца невядомая.

Пу́шча ’густы, непраходны лес; нетры’ (ТСБМ, ТС, Шат., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Яруш.), ’пусташ, бязлюднае месца’ (ЛА, 2), ’зараслі ў забалочанай мясцовасці’ (валож., ЛА, 1), пу́шча‑драму́шча ’дзікі лес, пра які гаворыцца ў беларускіх казках’ (Мядзв.), ст.-бел. пуща ’пустыня, пустка’ (Нас. гіст.), укр. пу́ща ’дрымучы лес, лясныя нетры’, польск. puszcza ’бязлюднае месца; пустка’, харв. pȗšća ’пустая мясцовасць’ (Скок, 3, 82), славен. pušča ’папар; дзікая мясцовасць; пустэча’. Прасл. *puštja (< pustъ, гл. пусты́); паводле Банькоўскага (2, 967), пушча абазначала спрадвечна бязлюднае месца ў адрозненне ад пусты́ня (гл.), што абазначала месца, пакінутае людзьмі, параўн., аднак, славен. puščava ’пустыня’.

Пушча́ць ’пускаць’ (Шат., Бяльк.), ’браць кватарантаў; кідаць’ (Сл. ПЗБ), ’раставаць’: снег пушчае (дзятл., там жа), рус. пуща́ть ’пускаць’, польск. puszczać, чэш. poušteti ’выпускаць, пускаць’, славац. pusťať, в.-луж. pušćeć, н.-луж. pušćaś, серб.-харв. пу̏штати, славен. púščati, балг. пу́щам, ст.-слав. поуштати. Прасл. *pustjati суадноснае з *pustiti, ва ўсходніх славян звычайна *puskati (< *pus(t)kati, Банькоўскі, 2, 967), гл. пускаць. Усё да *pustъ (гл. пусты), паводле Сноя (516), першапачаткова ’рабіць бязлюдным, пакідаць’, гл. таксама Фасмер, 3, 416; Скок, 3, 82; Шустар-Шэўц, 2, 1194. Адсюль пушча́й ’няхай’ (Ян.; смарг., Сл. ПЗБ), параўн. рус. пуска́й ’тс’ (ад пускать).

Пу́шчы (пущи, пущій) ’горшы’ (Нас.; дзісн., Рам. 8; Дэмб., Растарг.), ’горш’ (Нас.), пушчэй ’мацней’ (Нас.), пу́шчэ ’мацней, больш’ (Кос., Растарг.), пушчэйшы ’горшы’ (Сл. рэг. лекс.), puščejšy ’трохі горшы’ (Варл.), пішчыць ’рабіцца горшым’ (Нас.), пушчаць ’мацнець, узмацняцца’ (Нас.), ’худзець’ (віл., Сл. ПЗБ); сюды ж ст.-бел. пущий ’жвавы, руплівы’ (Ст.-бел. лексікон). Вышэйшая ступень параўнання ад пусты (гл.), супрацьлеглыя значэнні звязаны з градацыйнай функцыяй і дээтымалагізацыяй, параўн. рус. пуще ’лепш, больш’.

Пушчы́ны ’смецце, амецце’ (ТС). Да пусты ’непатрэбны, дрэнны’.