Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пу́начка ’від птушкі’ (ТСБМ), укр. пу́ночка ’сасноўка’. Запазычана з рус. пу́нка, пу́ночка ’птушка Plectrophanes nivalis’, паходзіць з карэл. punańe ’тс’ (Фасмер, 3, 406; Птицы, 1, 50).

Пунда́к ’прач, пранік’ (дзевянішск., ABSl, 22, 126). Паводле Грынавяцкене (там жа), з літ. pundokas ’тс’.

Пундач ’рыба Cottus gobio Linne’ (басейн Нёмана; Жук., 397; Жукаў, 156); сюды ж пу́нда ’невялікая тоўстая рыбка’ (шальч., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа), з літ. pundzis ’джгір’, у аснове значэнне ’тоўсты, пузаты’, параўн. літ. дыял. pundzyla ’таўстун, пузан’.

Пу́ндзель ’звязка льну’ (ТС), пу́ндэль ’тс’ (ТС), пундэль ’старая мера ільну, роўная 12 кг (30 фунтам)’ (ашм., Сл. ПЗБ), пундэлік, пундэляк ’тс’ (шальч., уздз., глыб., Сл. ПЗБ), пундэлік, бунтэляк, бунтэлік ’звязка лёну з завучанымі пасля часання канцамі’ (мін.-маладз., Шчарб.), ст.-бел. пундель ’мера вагі (кала 25 фунтаў)’. Лічыцца, што слова запазычана з літ. pundelis ’старая мера ільну’ (Скурат, Меры, 115; Булыка, Лекс. запазыч., 156), што ў сваю чаргу магло быць запазычана з ем. дыял. pundel ’тс’ (Сл. ПЗБ); у апошнім выпадку, а таксама па лінгвагеаграфічных прычынах літоўскае пасрэдніцтва не з’яўляецца абавязковым, параўн. суч. літ. pundas ’звязка, скрутак, клунак, цюк, пук’. На некаторыя формы паўплывала запазычанне бунт ’звязка, пук’ (гл.). Гл. таксама пунтэль ’звязка счэсанага і сплеценага льну’.

Пу́нка ’пятка яйца’ (воран., ЛА, 1), ’тупы канец яйца’ (Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа), запазычана з ліг. pūnė ’тс’.

Пункт ’кропка’ (ТСБМ, Гарэц.), ’страфа, куплет песні’ (валож., Жыв. сл.) ’частка ў музычным творы, калена’ (ПСл), ст.-бел. пунктъ ’кропка’. Запазычана праз польск. punkt (з 1566, гл. Банькоўскі, 2, 965) з ням. punkt < лац. pūnctus ’укол’ ад pungere ’калоць’; значэнне ’частка’ развілося на падставе нумарацыі асобных строфаў, куплетаў і г. д. лічбай з кропкай.

Пу́нктамі ’перыядычна, час ад часу’ (віл., Нар. словатв.). Гл. пуншамі.

Пункто́вік ’маларослы чалавек’ (навагр., Сл. рэг. лекс.). Відаць, іранічна да пункт ’кропка’ (= ’нешта малое, малазаўважальнае’).

Пункці́р ’перарывістая прамая лінія’ (ТСБМ). Запазычана з рус. пункти́р ’тс’, што з ням. punktieren < лац. punctāre ’пракалоць, накалоць’ (вытворнае ад лац. punctum ’укол’), гл. пункт.

Пунпуці́ ’сукараткі’: спрала ў пунпуці (глыб., Сл. ПЗБ), пун‑ пуці, пу́нпачкі ’адходы пры прадзенні кудзелі’ (рас., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Грынавяцкене (там жа) параўноўвае з літ. pamputys ’вузел’.