Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пух1 ’мяккія варсінкі; падсцілка шэрсці, поўсць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Бес., Сл. ПЗБ; ельск., Мат. Гом.), ’пер’е наогул’: гэто пух, у нас пе́рʼе не кажуць (ТС), ’пер’е (гусінае)’ (гом., Мат. Гом.), ’адходы пры паланні, мякіна’ (Нас.; ЛА, 2; Выг.; петрык., лун., брагін., Шатал.), ’абдзіркі ад круп, высеўкі’ (ПСл; ветк., Мат. Гом.), ’пушны хлеб’ (Нас. Сб.), мн. л. пу́шʼе ’пер’е’ (ТС), параўн. укр. пух ’пух, дробныя валаскі’, рус. пух ’пух; шалупінне з проса, мякіна’, польск. puch ’мяккае, дробнае пер’е, валаскі’, чэш. puch ’дробнае пер’е’, славен. puh ’пух, пушок; галаўня ў збожжы’, балг. пух ’пух’, макед. пувка ’чубок’. Прасл. *puxъ — аддзеяслоўны назоўнік, семантыка зыходнага дзеяслова ’дуць, дзьмуць’, параўн. пу́хаць ’выпускаць паветра; ферментаваць’ (гл.), польск. puchać ’пыхаць, пускаць дух’, харв. púhati ’тс’, славен. pūhati ’пыхаць, дуць, дымець’ (< *puxati); літаральна ’тое, што адлятае пры подыху (дыхання, ветру)’. Узводзяць да і.-е. *p(h)eu̯s‑ ’пыхаць, пухкаць’ імітатыўнага паходжання (Бязлай, 3, 134; Скок, 3, 70), параўн. санскр. púšyati ’паспяваць’, грэч. φῦσα ’пухір’, лац. pussula, pustula ’тс’; параўнанне з літ. paustìs ’шэрсць жывёлы’, зафіксаваным на Віленшчыне (гл. Фасмер, 3, 414; Сной, 514 і інш.), сумнеўнае, паколькі апошняе хутчэй за ўсё запазычана з бел. поўсць ’тс’ (< прасл. *pьlstь або *pl̥stь).

Пух2 ’агаткі, Antennaria dioica Gaertn.’ (віц., Кіс.). Да пух1, параўн. укр. пух ’расліна Eriophorum vaginatum L.’ і чэш. дыял. peři ’тс’, названых так з-за знешняга выгляду пладоў.

Пух3 — выклічнік, імітуе лопанне, стрэл і пад. (ТСБМ, ЭШ, Сл. ПЗБ; полац., мсцісл., Нар. лекс.). Гл. пу́хаць.

Пуха́ ’тупы канец яйца’ (ЛА, 1, Ян., Жд. 2, Сцяц., Янк. 2; в.-дзв., Шатал.; Сл. Брэс., ТС; карэліц., Жыв. сл.; глыб., беласт., Сл. ПЗБ; брагін., З нар. сл.; Некр., Мат. Гом.), пу́ха ’тс’ (Нас.; добр., светлаг., Мат. Гом.), пуха ’задняя частка лодкі’ (ТС; полац., Янк. 2; ПСл), ’пустата ў пятцы яйца; частка яйца, запоўненая паветрам’ (Шат., Сцяц.), сюды ж выраз дабіцца пухі ’давесці справу да канца’, добіць до пухі ’даламаць, дабіць канчаткова’ (ТС), а таксама пух ’тупы канец яйца’ (смарг., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пуха ’тс’: добити до пухи, рус. дан. до пухи ’зусім, абсалютна ўсё’, польск. pucha ’тоўсты твар’, серб. пу́ха ’пухір’. Прасл. *риха, вытворнае ад *puxati ’дуць, дзьмуць’, значэнне лепш за ўсё тлумачыцца славен. puhel ’пусты, парожні’ (якое Мартынавым разглядаецца як “загадочное в этимологическом отношении”, гл. Этимология–1982, 9), г. зн. ’напоўнены (духам, паветрам)’ > ’пусты ў сярэдзіне’ (так Сной, 514), гл. пужаць, пух. Рус. пуга ’пустата ў курыным яйцы’, хутчэй за ўсё, у выніку азванчэння зычнага ў інтэрвакальным становішчы, параўн. памянш. пушка ’тс’ (а не *пу́жка, гл. СРНГ), або ў выніку кантамінацыі з пуга ’ўзгорак круглай формы’, ’падушка для пляцення карункаў’, адносна апошняга гл. Фасмер, 3, 399. Параўн. таксама харв. pus ’тупы канец яйца’, pušiti ’дыміць; выпускаць паветра’ (адмаўленне сувязі гл. Скок, 3, 85).

Пухава́ць ’абіваць ячмень’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Да пукаць2 ’тс’, збліжанае з пух ’мякіна’ (гл.).

Пу́халь ’пухліна’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, адваротны дэрыват ад пухліна, характэрны для поўначы Беларусі прадуктыўны суфікс ‑іна ўспрымаецца як паказчык адзінкавасці (параўн. топаль > топьліна ’адно дрэва таполі’), экспрэсіўнасці (параўн. горла > гьрляціна, асудж.) ці адцягненага дзеяння (параўн. ругань > руганіна), (гл. Крыўко, Нар. словатв., 152–165) і можа быць адкінуты. Гл. таксама пухло, пухнуць.

Пухаме́ля ’слабасільны чалавек’ (Бяльк.). Да пух (гл.), у тым ліку і ’мяккае ахвосце з аўсу і пшаніцы’ (параўн. у Насовіча: Ухъ! Їда баба пухь) і малоць, па тыпу пустамеля (звяртае на сябе ўвагу субстытуцыя *puchb/*pustь, параўн. славен. puhel ’пусты, парожні’).

Пуха́р ’дзьмухавец, адуванчык, Taraxacum officinale Web.’ (Касп.), пухарка ’порхаўка’ (даўг., Сл. ПЗБ), рус. пухарка ’тс’. Да пух (гл.).

Пу́хаць ’брадзіць, кіснуць; бурчаць’ (шчуч., лід., Сл. ПЗБ), ’пыхкаць, сапці’: наесца да пухае (ТС), ’лопацца’: порхаўка пухаіць (круп., Сл. ПЗБ), пухаюць пупышкі (брасл., там жа), пу́хкаць ’тс’ (там жа), укр. пу́хкати ’пыхкаць’, рус. пу́хать ’тс’, польск. puchać ’выпускаць дух; распаўсюджваць водар, смурод’, в.-луж. puchać ’пыхкаць’, н.-луж. puchaś ’цяжка дыхаць; дуць, выдуваць’, славен. púhati ’пыхкаць; дзьмуць; курыць’, серб.-харв. пу́хати ’дуць; смуродзіць’, балг. пу́хам, пу́хкам ’ўзбіваць; пыхкаць, выпускаць з шумам паветра, дым’, макед. пуфка ’ўздыхаць; фыркаць; вуркатаць’. Прасл. *puxati ад гукапераймальнай асновы *pux‑ (гл. пух), якую узводзяць да і.-е. *pou‑s‑, што імітуе рэзкі выхлап, выдых і пад.; роднаснае літ. pū̃sti, pùsti ’дуць, надувацца; сапці’, лат. pùst ’тс’ (Фасмер, 3, 414; Скок, 3, 70; Шустар-Шэўц, 2, 1188), параўноўваюць таксама з грэч. φῡσάω ’тс’ (Фурлан–Бязлай, 3, 134; Сной, 514). З іншым варыянтам кораня гл. пы́хаць.

Пухачы́ ’лотаць, Calta palustris L.’ (брасл., Сл. ПЗБ). Відаць, утворана ад пу́хаць ’лопацца, распуквацца’, што адлюстроўвае хуткае раскрыццё бутонаў.

Пухі́р ’уздуцце на скуры; прышч; пузыр’ (ТСБМ; слуц., Нар. словатв.; Клім.; ПСл; ЛА, 3), паўхі́р ’тс’ (Скарбы; зэльв., навагр., дзятл., валож., ЛА, 3), панхі́р, панхе́р ’тс’ (брасл., ашм., смарг., бераст., шчуч., там жа), пухе́р, пухіэр ’тс’ (Сцяшк. Сл., Бес.; пруж., ЛА, 3), пукі́р ’тс’ (Сл. Брэс.), пухі́р ’бурбалка’ (ТСБМ, іўеў., ЛА, 2), ’высушаны і надзьмуты мачавы пузыр парсюка’ (Скарбы; слуц., Нар. словатв.; лях., Янк. Мат.; капыл., Жыв. сл.), ’паветраны пузыр у рыбы’ (ЛА, 1), ст.-бел. пухиръ ’пузыр’; параўн. укр. пухі́р, пухи́рь ’тс’, польск. pęcherz ’уздуцце скуры, пузыр’, чэш. puchýř ’тс’, славац. puchar, puchor ’пузыр, валляк’, в.-луж. pucher ’пузыр, бурбалка’, н.-луж. puchoŕ ’тс’, славен. puhọ̑r ’тс’; магчыма, сюды таксама серб. пу̏хор ’узняты ў паветра попел’. У сувязі з рознай суфіксацыяй лічыцца самастойным утварэннем у славянскіх мовах ад асновы прасл. *puch‑, гл. пухаць, пухнуць (Шустар-Шэўц, 2, 1188; Бязлай, 3, 135). Банькоўскі (2, 536) рэканструюе заходнеславянскую інавацыю *pǫ па ўзору *pǫpyrь ’тс’ пад уплывам сінанімічнага *měxyrь (гл. мяхір), адкуль фіналь ‑xyrь (“w prasłow. ‑x‑ po ‑o‑ niemożliwe”). Па фанетычных прычынах (спалучэнне ‑xi‑ < ‑chy‑ і інш.) беларускія словы запазычаны з польскай, параўн. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 193; Станкевіч, Зб. тв., 1, 39, 50, 407.

Пу́хкі ’пышны, пульхны, порысты’ (ТСБМ; Шат., Др.-Падб.; лаг., Сл. ПЗБ; Воўк-Лев., Татарк., 182); пу́хкы ’тс’ (Клім.), пухкі́ ’пульхны, мяккі, дрыгвяністы’ (ТС), параўн. укр. пухки́й ’порысты, мяккі’. Ад пу́хаць, пу́хкаць ’брадзіць, ферментаваць’, па узору мя́ккі, лёгкі і пад.; параўн. падобныя дэрываты з іншай семантыкай: славен. púhek ’рэдкі; абвіслы (пра адзенне)’, славац. дыял. puchký ’вільготны, мокры’ і інш.