Пуха́ ’тупы канец яйца’ (ЛА, 1, Ян., Жд. 2, Сцяц., Янк. 2; в.-дзв., Шатал.; Сл. Брэс., ТС; карэліц., Жыв. сл.; глыб., беласт., Сл. ПЗБ; брагін., З нар. сл.; Некр., Мат. Гом.), пу́ха ’тс’ (Нас.; добр., светлаг., Мат. Гом.), пуха ’задняя частка лодкі’ (ТС; полац., Янк. 2; ПСл), ’пустата ў пятцы яйца; частка яйца, запоўненая паветрам’ (Шат., Сцяц.), сюды ж выраз дабіцца пухі ’давесці справу да канца’, добіць до пухі ’даламаць, дабіць канчаткова’ (ТС), а таксама пух ’тупы канец яйца’ (смарг., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пуха ’тс’: добити до пухи, рус. дан. до пухи ’зусім, абсалютна ўсё’, польск. pucha ’тоўсты твар’, серб. пу́ха ’пухір’. Прасл. *риха, вытворнае ад *puxati ’дуць, дзьмуць’, значэнне лепш за ўсё тлумачыцца славен. puhel ’пусты, парожні’ (якое Мартынавым разглядаецца як “загадочное в этимологическом отношении”, гл. Этимология–1982, 9), г. зн. ’напоўнены (духам, паветрам)’ > ’пусты ў сярэдзіне’ (так Сной, 514), гл. пужаць, пух. Рус. пуга ’пустата ў курыным яйцы’, хутчэй за ўсё, у выніку азванчэння зычнага ў інтэрвакальным становішчы, параўн. памянш. пушка ’тс’ (а не *пу́жка, гл. СРНГ), або ў выніку кантамінацыі з пуга ’ўзгорак круглай формы’, ’падушка для пляцення карункаў’, адносна апошняга гл. Фасмер, 3, 399. Параўн. таксама харв. pus ’тупы канец яйца’, pušiti ’дыміць; выпускаць паветра’ (адмаўленне сувязі гл. Скок, 3, 85).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)