Пух 1 ’мяккія варсінкі; падсцілка шэрсці, поўсць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Бес., Сл. ПЗБ; ельск., Мат. Гом.), ’пер’е наогул’: гэто пух, у нас пе́рʼе не кажуць (ТС), ’пер’е (гусінае)’ (гом., Мат. Гом.), ’адходы пры паланні, мякіна’ (Нас.; ЛА, 2; Выг.; петрык., лун., брагін., Шатал.), ’абдзіркі ад круп, высеўкі’ (ПСл; ветк., Мат. Гом.), ’пушны хлеб’ (Нас. Сб.), мн. л. пу́шʼе ’пер’е’ (ТС), параўн. укр. пух ’пух, дробныя валаскі’, рус. пух ’пух; шалупінне з проса, мякіна’, польск. puch ’мяккае, дробнае пер’е, валаскі’, чэш. puch ’дробнае пер’е’, славен. puh ’пух, пушок; галаўня ў збожжы’, балг. пух ’пух’, макед. пувка ’чубок’. Прасл. *puxъ — аддзеяслоўны назоўнік, семантыка зыходнага дзеяслова ’дуць, дзьмуць’, параўн. пу́хаць ’выпускаць паветра; ферментаваць’ (гл.), польск. puchać ’пыхаць, пускаць дух’, харв. púhati ’тс’, славен. pūhati ’пыхаць, дуць, дымець’ (< *puxati); літаральна ’тое, што адлятае пры подыху (дыхання, ветру)’. Узводзяць да і.-е. *p(h)eu̯s‑ ’пыхаць, пухкаць’ імітатыўнага паходжання (Бязлай, 3, 134; Скок, 3, 70), параўн. санскр. púšyati ’паспяваць’, грэч. φῦσα ’пухір’, лац. pussula, pustula ’тс’; параўнанне з літ. paustìs ’шэрсць жывёлы’, зафіксаваным на Віленшчыне (гл. Фасмер, 3, 414; Сной, 514 і інш.), сумнеўнае, паколькі апошняе хутчэй за ўсё запазычана з бел. поўсць ’тс’ (< прасл. *pьlstь або *pl̥stь).
Пух 2 ’агаткі, Antennaria dioica Gaertn.’ (віц., Кіс.). Да пух 1, параўн. укр. пух ’расліна Eriophorum vaginatum L.’ і чэш. дыял. peři ’тс’, названых так з-за знешняга выгляду пладоў.
Пух 3 — выклічнік, імітуе лопанне, стрэл і пад. (ТСБМ, ЭШ, Сл. ПЗБ; полац., мсцісл., Нар. лекс.). Гл. пу́хаць.