Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пу́та ’вяроўка, якой звязваюць пярэднія ногі каня, калі ён пасецца’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ), пу́то ’тс’ (Нас., ТС; мазыр., З нар. сл.; Бес.), мн. л. пу́ты ’тс’ (Гарэц.), ’аковы, кайданы’ (Булг.), пу́та ’нізка (грыбоў, рыбы і інш.)’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’непісьменны чалавек’ (Жд. 3), пу́то, мн. л. пу́та ’жалезныя хамуцікі, якімі прымацоўваецца вось да насаду ў возе’ (Сіг.), púto ’рэгулятар на канцы дышла плуга; жэрдкі, што звязваюць кроквы вышэй паловы іх даўжыні’ (Тарн.), у выразе на́ша пу́то пасці́ — пра чаргу пасвіць карову і інш. (тут пута перадаецца як знак чаргі) (жытк., Мат. Гом.); параўн. укр. пу́то, мн. л. пу́та ’пута, кандалы’, рус. пу́то, мн. л. пу́ты ’пута; бесталковы чалавек’, польск. pęto, мн. л. pęta ’аковы, кайданы’, чэш. pouto, мн. л. pouta ’тс’, славац. púto ’тс’, в.-луж. puto, н.-луж. pyto ’тс’, славен. pọ́ta ’спражка’, серб.-харв. пу̏то ’пута’. Прасл. *pǫto, мн. л. pǫta, вытворнае ад *pęti, *рьnǫ ’нацягваць, напінаць’, гл. пяць, пну, роднаснае ст.-прус. panto ’пута, кайданы’, літ. pántis ’тс’, лат. pineklis ’пута, аковы’, літ. spándyti ’нацягваць’, ням. spannen ’тс’, spinnen ’прасці’ (Фасмер, 3, 412; Бязлай, 3, 95 і інш.). Гл. таксама путаць.

Пу́тала ’пута’ (свісл., Сцяшк. Сл.). Аддзеяслоўны назоўнік ад пу́таць (гл.) — ’тое, чым путаюць’; параўн. рус. путло (ад пу́то, Праабражэнскі, 2, 155; Фасмер, 3, 412).

Пу́таніна ’блытаніна’ (Гарэц., Шат.). Да пу́таць ’путаць; блытаць’ (гл.).

Пу́таніца ’курыца, якая нясе яйкі ў розных месцах’ (ст.-дар., Жыв. НС). Хутчэй за ўсё, ад пу́таць ’блытаць; уводзіць у зман’, магчыма, на базе пераасэнсаванага пу́тачка ’курачка’, пу́ця ’курыца’ (гл.).

Пу́танка ’рыбалоўная сетка’ (гом., нараўл., Мат. Гом.), путанка ’хустка’ (ДАБМ, камент., 946), параўн. таксама рус. смал. пу́таніца ’доўгая сетка’ (Мат. Смал.), пу́тка, пу́танка ’тонкая сетка’. Да пу́таць ’блытаць’.

*Пу́таўка (пу́тоўка) у выразе нема путоўкі — пра адсутнасць карысці, выніку (ТС). Да пуць ’дарога; лад, парадак’ (Нас.), параўн. без пуця жыве ’бесталкова’ (Ян.) і пад.

Пу́тацца ’шумець, пеніцца’ (іўеў.). Лаўчутэ (Балтизмы, 49), са спасылкай на Вяржбоўскага, выводзіць з літ. putóti ’пеніцца’. Гл. таксама пу́ты ’пена’.

Пу́таць ’звязваць ногі путам; блытаць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., ТС), ’збіваць з толку; гаварыць блытана, непаслядоўна’ (Нас., Бяльк., Шат.), ’пятляць’ (ТС), укр. пу́тати ’надзяваць путы’, рус. пу́тать ’путаць, блытаць’, польск. pętać ’надзяваць путы, кайданы’, чэш. poutati ’тс’, славац. putať ’тс’, в.-луж. putać ’тс’. Арэальная паўночнаславянская інавацыя ад *pǫto, гл. пу́та, другасныя значэнні, магчыма, пад уплывам *pǫtъ ’пуць, шлях; толк’; параўн. фразеалагізм зводзіць з пуці ’збіваць з толку, блытаць’, сюды ж пу́тацца ’сноўдацца; блытацца’, рус. пу́таться ’тс’, польск. pętać się ’настойліва нечым займацца; поўзаць, блытацца пад нагамі’ (апошняе значэнне, паводле Банькоўскага, 2, 539, — з рускай).

Пу́тачка ’курачка’: патачка, патачка, села прр прр (гавораць, калі хочуць злавіць курыцу (барыс., LKK, 16, 187)). Грынавяцкене і інш. (там жа) звязваюць з літ. pututė ’тс’; Лаўчутэ (Балтизмы, 147) адносіць да слоў, балтыйскае паходжанне якіх недастаткова аргументаванае. Гл. пу́ця ’курыца’.

Пу́тка ’пяцелька (у адзенні)’ (добр., Мат. Гом.). Гл. путца ’тс’.