Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сіняпёс ‘кіслая, неўвапнаваная глеба’ (Сцяшк.), ‘белаватая, вельмі неўрадлівая зямля’ (Юрч. Вытв.). Складанае слова, першая частка да сіні (гл. сіняк5) як абазначэнне светла-шэрага колеру, параўн. паралельную назву сівапёс (гл.); другая частка да *pěsь (гл. пясок).

Сіня́ўка ‘маленькая рыбка’ (ПСл), ‘агульная назва рыб цёмнага ці стракатага колеру або маючых цёмную спінку, напрыклад, гальяна, Phoxims phoxims L.’ (Жук., Жукаў), ‘шчупак’ (Крыв., Янк. 2), ‘быстранка’ (Жук., Гіл., Жыв. св.), ‘верхаводка’ (Жыв. св., Сл. ПЗБ). Відавочна, ад сіні (гл.), параўн. сіня́вы ‘сіняваты’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг.), сярод значэнняў якога прысутнічае і ‘шэра-папялісты’. Але сіня́ўка як назва верхаводкі і падобнай да яе быстранкі можа быць і пераўтварэннем з селя́ўкі, сіля́ўкі (гл. сялява) пад уплывам сіні. Гл. таксама сінь і аднакаранёвыя.

Сіняшы́йка ‘невялікая пеўчая птушка сямейства драздовых з яркім апярэннем’ (ТСБМ), ‘варакушка, Lusciola sulcica’ (Байк. і Некр.). Ад сіні (гл.) і шыйка < шыя (гл.) паводле колеру апярэння. Параўн. рус. синеше́йка ‘птушка з роду плісак, Motacilla snecica’, а таксама сінаго́рліца ‘род галубоў’ (Ласт.), ст.-бел. синогордлица ‘галубка’ (Ст.-бел. лексікон), магчыма з польск. sinogardlica, sinogarlica ‘птушка з роду галубоў’, што да sini і gardło ‘горла’ (Варш. сл.; Брукнер, 491).