Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сту́каць ‘удараць, грукаць; ляскаць’ (ТСБМ, Ласт., Варл.; астрав., ашм., Сл. ПЗБ), сту́гаць з азванчэннем к > г ‘стукаць, важка біць, збіваць’ (ТС), сту́кацца (ТСБМ, Сл. ПЗБ), сюды ж стук ‘кароткі адрывісты гук’ (ТСБМ, ТС; мсцісл., Нар. лекс.), сту́кат ‘тс’, стуката́ць ‘бесперапынна стукаць’ (Нас., Касп., Байк. і Некр., Растарг.), стукаце́ць ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), стукаце́нь ‘груканне’ (чэрв., навагр., Сл. ПЗБ), стукаце́ць ‘грукатаць, ляпаць’ (ТС), стукуня́ць ‘тс’ (Пар. Том.). Параўн. укр. сту́кати, рус. сту́кать, стараж.-рус. стукъ, стукнути, серб.-ц.-слав. стоукъ ‘гук; шум, звон’, польск. stukać, н.-луж. stukaś, чэш. дыял. stukať, славац. stukať ‘тс’. Прасл. дыял. *stukati гукапераймальнага паходжання; параўн. лат. stukât ‘ісці маленькімі крокамі’, stuknît ‘штурхаць, прасоўвацца ўперад ударамі’, stucinât ‘стукацець, грукаць’ і інш.; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1100, 1102; гл. яшчэ Міклашыч, 327; Брукнер, 523; Праабражэнскі, 2, 407; Атрэмбскі, LP, 1, 147; Шустар-Шэўц, 1370. Аналагічна чэш. ťukati ‘пастукваць’, франц. разм. toquer ‘пастукваць’, іт. tocco ‘стук’, тур., крым.-тат. taka, tuka ‘стук (сякеры, малатка)’. Гл. Фасмер, 3, 787; ЕСУМ, 5, 458 (узводзіцца да прасл. *stuk‑). Гл. таксама тукаць.

Стулі́нда экспр. ‘хто сутулаваты’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да наступнага слова (гл.), параўн. ілюстрацыю: стулінда — хто ходзя стуліўшыся (там жа), утворана з суф. ‑інд‑а з “экспрэсіяй непахвальнасці, асуджэння” (Сцяцко, Афікс. наз., 43). Параўнанне з літ. stuolỹs ‘сцябло’ (Сл. ПЗБ) мае неабавязковы характар.

Стулі́ць ‘шчыльна злучыць, скласці’ (ТСБМ), ‘сціснуць’: стуліць губы ‘змоўкнуць’ (Сл. нар. фраз.), стулі́цца ‘згорбіцца’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Да туліць, гл.

Сту́лы ‘драўляныя слупкі падлогі’ (Бел. нар. жыллё, 37), сту́лле ‘штандары’ (Мат. Гом.), сту́льцы ‘брускі’ (Нік. Очерки). Рус. арханг. стул ‘паля ў фундаменце свірнаў, клецяў’, якое Тэрнквіст (цыт. па Фасмер, 3, 788) разглядае як запазычанне з ст.-швед. stol ‘стаяк’. У беларускай, магчыма, запазычанне з рускай, але яго шлях пранікнення вызначыць цяжка. Параўн. таксама сту́лак ‘табурэтка’ (Гіл.), сту́лок ‘крэсла’ (ТС), сту́лец ‘крэселка’ (Нас.), якія, аднак, нельга разглядаць асобна ад сто́лак ‘зэдлік’ (Сцяшк.), сто́лак ‘табурэт’, сто́лец ‘крэсла’ (Нас.), гл.

Стуль ‘адтуль’ (ТСБМ, ПСл, Бяльк.; ашм., Стан., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), сту́лека ‘тс’ (ПСл), сту́ліх ‘тс’ (Бяльк.). Параўн. укр. палес. стуль, сту́лека, сту́ліка, сцюль ‘тс’, рус. дыял. исту́ль ‘тс’, польск. дыял. tustela ‘тс’ (Варш. сл.). Спалучэнне *sъ‑/*jьz‑ (гл. з са значэннем “крыніцы дзеяння”) і *tol‑ (< *toli/*tole, гл. толькі), а таксама з т. зв. пустымі суфіксамі і склонавымі канчаткамі (ESSJ SG, 2, 617; Шуба, Прыслоўе, 60–64).

Стульду́пка ‘расліна стрэлкі; настой з гэтай травы’ (паст., Сл. ПЗБ). Да стуліць (гл.) і дупа (гл.), бо настой расліны выкарыстоўваецца як сродак ад паносу. Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. stulidupka ‘расліна Capsella bursa pastoris; Sisymbrium sophia’ (Варш. сл.).

Сту́льцы ‘бульбяныя перапечкі’ (шуміл., ігн., Сл. ПЗБ), ‘густая каша з гарохавай мукі, халодная, парэзаная на шматкі’ (Анім. дад.), ‘стоўчаная ў ступе халодная каша з бульбы’ (Гіл.). Рус. пск. сту́льцы ‘пячэнне з гарохавай мукі, слупкі; слупкі квашаніны’. Відаць, ад стульцы ‘брускі’, памянш. да стулы (гл.), параўн. яшчэ рус. стул ‘рэч, тавар, прыпас у выглядзе абрубка або кола’. Арэальнае ўтварэнне, гл. таксама рус. пск. стульца́, сту́льчик, стуле́чек ‘цвёрды, застылы кусочак’, гл. Лутавінава, Псковские говоры, Ленинград, 1979, 35–38, дзе дапускаецца роднасць з літ. stýgti ‘тырчаць, рабіцца цвёрдым’. У сувязі з гэтым нельга выключыць утварэнне ад стуліць (гл.), параўн. сту́льны ‘сціснуты, збіты, густы’ (Ласт.). Параўн. стыльцы, гл.

Сту́лянка ‘пілотка’ (Сл. Брэс.). Параўн. брэсц. сту́люваты ‘набліжаць адно да другога’. Да стуліць < туліць (гл.) па форме галаўнога ўбору.

Сту́ма ‘постаць, фігура’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з літ. stuomuõ ‘тс’, але параўн. з польск. styma, estyma ‘павага, гонар, шанаванне’, якія, паводле Варш. сл., узыходзяць да раманскай першакрыніцы: італ. stima, франц. estime ‘паважанне, пашана, шанаванне’.

Стумбе́ль ‘цвёрдая частка сцябла’ (швянч., Сл. ПЗБ). З літ. дыял. stumbẽlis, літаратурнае stambẽlis ‘тс’ (там жа, 613).