Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ро́спаркі, ро́споркы — частка кроснаў (Сл. Брэс.), ро́спыркі, роспіркі, распо́ры ’гарызантальныя папярочныя планкі, што змацоўваюць раму ткацкага станка’, ’пругі пры тканні’ (Уладз.). Да распіра́ць (гл.). Аналагічна рус. распорка, польск. rozporka, rozpora, rozpornica, чэш. rozpora, rozpěra, rozporek ’перакладзіна’, ’распорка’, ’распорная бэлька’.

Ро́спач ’стан, пачуццё крайняй безнадзейнасці, упадку’ (ТСБМ, Яруш., Байк. і Некр.), ’адчай’ (ваўк., Сл. ПЗБ), роспачлівы, роспачны ’поўны роспачы’ (ТСБМ). З польск. rozpacz ’тс’, якое Брукнер (465) узводзіць да opak ’наадварот’. На іншую магчымасць паказвае ст.-рус. розпачь «щель земная» («Алфавит иностранных речей» XVII ст.), гл. Кохман, Polonica, 49.

Ро́спіл ’рэз’ (ПСл) — аддзеяслоўнае ўтварэнне ад рас‑піліць (гл.).

Ро́спіс ’мастацкае ўпрыгожанне каляровымі фарбамі сцен, столі і да таго пад., насценны жывапіс’, ’подпіс’ (ТСБМ). Да распісваць < піса́ць (гл.), якое з рус. писа́ть ’маляваць ікону, карціну’.

Ро́спісь ’рэгістрацыя шлюбу’ (мсцісл., Юрч. СНЛ). Ад распісацца (гл.) пры ад’ідэацыі рус. подпись.

Ро́спуга ’разора паміж градкамі’, ро́спурга, ро́спруга, роспру́га ’глыбокая баразна паміж градамі’ (Сл. Брэс., Шатал., Сл. ПЗБ, ЛА, 2). Утворана з прыстаўкі раз‑/рос‑ (< прасл. *orz‑) са значэннем ’рух у розныя бакі, раз’яднанне’ і ⁺пуга, якое можна генетычна супаставіць з лат. paũgurs ’узгорак’, ’бугор’, — разам ’разараная зямля ў два бакі з разорай’.

Ро́спуск1 і ро́спуст ’развод, скасаванне шлюбу’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Банк і Некр.), ’нястрыманы чалавек’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’распушчаны чалавек’ (клец., Нар. лекс.). Укр. ро́спуск ’роспуск, канікулы’, ро́спуста ’свавольства, непадпарадкаванне’, рус. старое ро́спуск і ро́спуст ’развод’, ст.-рус. роспускъ ’тс’ (XV ст.), стараж.-рус. роспустъ ’тс’ (1150 г.), рос‑/распускатися ’разводзіцца’ (1156 г.); польск. rozpustny, rozpusta, ’незвязаны, вызвалены’, ст.-польск. rozpust ’распуста, разбэшчанасць’, н.-луж. rozpušćeńc, в.-луж. rozpušćenc ’распуснік’, ст.-чэш. rozpuščenie ’гарэзлівасць, свавольства, развязнасць’, чэш. дыял. v rozpust (jísti, píti) ’вельмі многа (есці, піць)’, ’без межаў’, чэш. rozpust(i)lý, rozpustilec, славац. rozpustený ’гарэзлівы, свавольны’, славен. rásputni ’распушчаны’, razpuščati ’распускаць’, серб. ра́спустан, распу̀ститисе ’распусціць’ (на канікулы), ’развесціся (аб сужэнстве)’, харв. ráspust ’роспуск’, ’канікулы’, ràspusta ’распуста’, raspuštènik ’разведзены’, макед. распуштеник ’тс’, балг. разпуштам ’разводзіць сужэнцаў’, ст.-слав. кънигы распоустьны ’ліст аб скасаванні шлюбу’. Прасл. *orz‑pustъ, утворанае ад *orz‑ ’раз-/рас-’ і *pustъ > пусты́. Гэтыя формы трэба разумець як “свабодны”, “вызвалены”, “не абавязаны”. Формы з ‑sk‑ узніклі ў выніку адваротнай аналогіі з формаў, якія маюць ‑šč‑ (Махэк₂, 501). Гл. таксама распуста.

Ро́спуск2 ’вясенняе бездарожжа’ (ТС), рус. арханг. ро́спуск ’адліга, бездараж’. Утвораны ад роспуст (гл.) пад уплывам параўнальна новага (Махэк₂, 501) дзеяслова распускаць ’аслабляць’. Фанетычная блізкасць з роспуст прывяла да змешвання лексічнага значэння.

Ро́спускі ’мажары’ (Бяльк.), ’драбіны, сані без кузава вазіць бярвенне і дошкі’ (Касп.), ’падсанкі’ (добр., ЛА, 2), ’развалкі’ (Мат. Гом.), ’воз, калёсы для вывазкі лесу’ (Ян.), рус. дыял. ро́спуска, роспускі ’воз’, ’развалы’, ’верхняя частка саней’, ’воз для перавозу леса’. Усходнебеларуска-паўночнаруская ізалекса. Да распуска́ць, ад раз‑/рас‑ і пускаць (гл.).

Ро́спуст ’вясновае бездарожжа’, ро́спусць у выразе на роспусці/ на роспусцях ’ранняю вясной, у час раставання снегу’ (ТС), параўн. яшчэ рус. на дворе распустило, ст.-рус. распуститися ’растаць’ (XVI ст.). Да распусці́ць ’растапіць, зрабіць вадкім’. Праславянскі рэгіяналізм, які першапачаткова меў форму *orz‑pustъ/*orz‑pustь.

Ро́спушка ’карніз у грубцы’ (жытк., Мат. Гом.). Да раз‑/рос‑ (са значэннем ’пашырэнне ў аб’ёме’) і пушы́ць ’рабіць пушыстым’ < пух (гл.).