Распу́ста ’свавольны, раздураны, разбэшчаны, амаральны спосаб жыцця’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Варл., Сл. ПЗБ), ’той, хто распусціўся, свавольнік’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), роспу́ста ’тс’ (ТС); распу́ства ’распусны спосаб жыцця’ (смарг., Сл. ПЗБ), сюды ж распу́ставаць ’сваволіць’ (Сцяшк. Сл.), разпустава́цца ’рассваволіцца’ (Растарг.). Дэвербатыў ад распусціцца ’паводзіць сябе непрыстойна, разбэсціцца’ (Бяльк.), што са спалучэнняў тыпу пусці́цца ў блуд ’пайсці ў блуд’, пусці́цца сарама́ ’згубіць сорам’ і пад. Гл. пусціць, першаснае значэнне якога ’зрабіць вольным, вызваліць’ захавалася ў ст.-бел. распусты ’адпушчаныя або збеглыя сяляне’ (Гарб.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)