Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вірла́ты ’вірлавокі’ (БРС, Шат.); ’лупаты’ (Янк. III); ’чалавек з выпучанымі вачамі’ (гродз., Мат. АС). Утворана ад наз. ві́рла, ві́рлы (гл.) і суф. ‑ат‑ы, як вусаты, лабаты і інш. Вірла́тая яешня ’яешня на патэльні, у якой бялок не змешаны з жаўтком’ (Шат.). Перанос значэння паводле падабенства.

Вірлач ’вірлаты’ (Сцяц., Мат. канф. МДПІ, Янк. III). Укр. вирлач ’тс’. Утворана ад ві́рла, вірлы (гл.) і экспрэсіўнага суф. ‑ач. На поўначы Беларусі (Дзісеншчына) ужываецца лексема з суф. ‑ун: вірлу́н ’вірлавокі чалавек’ (Нар. сл.). Сюды ж вірлачы (абразл.) ’вочы’ (Сцяц.).

Вірліць ’віраваць, вірыць’ (КТС). Да вір1 (гл.), вірыць (гл.). Суф. ‑л‑ (прасл. ‑l‑) надае дзеяслову экспрэсіўнае адценне. Утворана паводле бурліць ’кіпець’ і інш. Аб функцыі фарманта ‑l‑ гл. Вайян, Gram. comp. З, 334–335; Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 351–354; Слаўскі, SP, 1, 53–54.

Вірлы мн. л., зневаж. ’вочы’ (Жд., 1; докш., Янк. Мат.; дзісн., Нар. сл.). Да ві́рла (гл.).

Ві́рнік ’ніжняя частка ганчарнага круга’ (Жд., 1). Польск. wirniak ’верхняя частка ганчарнага круга’. Утворана ад прыметніка вірны (гл.) і суф. ‑ік.

Вірнік ’нячысцік у вірыстай вадзе’ (Нік., Оч.) паходзіць ад вір1 (гл.) і суф. Nomina agentis ‑нік.

Ві́рны ’хвалісты, ветраны’; ’глыбокі, небяспечны’ (Нас.); ’вірысты’ (КТС). Сюды ж вірна ’неспакойна’ (Нас.), чэш. vírný ’хуткі, раптоўны’; ’вірлівы, вірысты’, славац. vírný (паэт.) ’вірлівы, вірысты’. Утворана ад вір1 і суф. ‑н‑ы (< ьnъ‑).

Віро́к1 ’крынічка, маленькі ручаёк (Сцяшк. МГ); ’хуткі ручаёк’ (Нас.); ’глыбокае месца на рэчцы’; ’адкрытае месца сярод дрыгвы’, віро́к і ві́рак ’малое азярцо на грудку’ (слаўг., стол., Яшк.). Дэмінутыўнае ўтварэнне ад вір1 і суф. ‑ок (< ‑ъкъ).

Вірок2 ’юрок — кіёчак, якім намотваюць ніткі’ (Бір. Дзярж., Бір. дыс., Жд., 1, Сцяшк. МГ, Касп., Шат., Бяльк.), рус. урал. вирок ’шпулька нітак’, польск. усх. wijurek ’прыстасаванне, якім з матавіла звіваюць пражу ў клубкі’. Бел. лексема з яўляецца дэмінутывам ад вір3 (гл.), утвораная пры дапамозе суф. ‑ок (< ‑ъkъ).

Віромка ’?’ у кантэксце «…Нарабіла такой атруты і просіць: каторы старшы віромка, ідзця на водку…» (КЭС). Няясна. Магчыма, звязана з віра3 (гл.), якое з’яўляецца роднасным з літ. výras, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’.

Віро́тны ’падобны’ (мазыр., Мат. Гом.), ваўк. веро́тны ’сапраўдны’ (Арх. Федар.). Да вяру́тны (гл.).

Ві́ртаначка ’цёплая хустка’ (ДАБМ, 946) < ад і́ртанка, як кру́чванка, набіва́нка ’самаробныя хусткі’ (там жа). Да вярце́ць (гл. vьrt‑ěti). Замена ‑е‑ на ‑і‑ ў гэтай гаворцы (в. Лунін Лунінецкага раёна) нерэгулярная (ДАБМ).