Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вітадо́л ’балотная птушка-перавозчык (якая крычыць «ві- тадол»)’ (Бяльк.). Гукапераймальнае ўтварэнне.

Вітамі́н (БРС). Запазычанне з польск. witamin праз рус. (Шанскі, 1, В, 108; Крукоўскі, Уплыў, 88).

Вітаўё ’жыллё, месцазнаходжанне’ (Грыг.). Ад віта́ць з суф. ‑аўё, які ў бел. мове зрэдку ўжываецца пры ўтварэнні дэрыватаў з абазначэннем месца. Параўн. таксама рус. наўг. вита́льня ’багадзельня, прытулак для ўбогіх, падарожжаў’, укр. (стар.) вітальня ’гасцініца’ і ст.-бел. вітальніца ’пакой, святліца, у якой прымаюць гасцей’ (Крывіч, 12, 1926, 108 і наст.).

Віта́ць, віта́ю (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Грыг., Гарэц., Мядзв.). Рус. вита́ть ’віншаваць; лунаць’, укр. віта́ти ’віншаваць; прымаць гасцей; заходзіць’, ст.-слав. витати ’жыць, знаходзіцца’, польск. witać, чэш. vítati, славац. s(vítať), в.-луж. witać, н.-луж. witaś ’віншаваць’. Сюды ж польск. zawitać і чэш. zavítati ’зайсці’, якое Махэк₂ (692) беспадстаўна аддзяляе ад vítati ’віншаваць’. Да гэтага ж дзеяслова рус. обита́ть, ст.-слав. обитати (< *обвитати, Фасмер, 3, 101). Слова роднаснае літ. vietà ’месца’, лат. vìeta ’тс’, pavietât ’мець жыллё’ (Праабражэнскі, 1, 85; Брукнер, 625; Фасмер, 1, 321). Першапачатковае значэнне ’жыць, знаходзіцца’, пазней на яго аснове развілося значэнне ’гасціць, знаходзіць прытулак’ і потым ’гасцінна сустракаць, віншаваць’, магчыма, пад уплывам віншавальнай формы *vitajь ’будзь з намі, застанься ў нас’ (Рудніцкі, 1, 400; Шанскі, 1, В, 109). Літ. vitóti ’віншаваць, прымаць гасцей’ з польск. (Скарджус, Slav., 239).

Ві́тка ’скрутак, прывязь з дубцоў’ (БРС, Бяльк., Янк. I, З нар. сл.); ’межавы знак, галіна з заламаным верхам або шосцік з пучком сена на самым версе; дарожны і водны арыенцір’ (Нас., Бяльк., Янк. Мат., Сцяшк., Бір. Дзярж., Яшк.); ’мяжа на лузе, пасеве’ (Яшк.); ’луг, дзе нельга пасвіць жывёлу, пакуль не будзе скошаны травастой’ (Яшк.); ’сцябло гарбуза’ (Сцяшк.); ’кольца, якім замацоўваецца кола на касільне’ (ДАБМ, 832). Польск. дыял. witka ’скрутак саломы для абазначэння заказанага месца ў полі’, чэш. мар. vitka ’тс’, серб.-харв. ви̑тка ’прут для пляцення кошыкаў’, балг. ви́тка ’кудзер, локан’. Да віць, віты (Махэк₂, 692; БЕР, 154; Скок, 3, 600). Параўн. ст.-бел. вить, виць ’лаза, скрутак шнуроў; урадавая папера’ (< польск. wić ’тс’, Булыка, Запазыч., 65).

Віто́к ’адзін абарот вінтападобнай лініі; нарэзкі і да т. п.’ (БРС); ’рой’ (Мат. Гом.). Рус. вито́к, укр. вито́к ’тс’. Да віць, віты.

Вітра́ж (БРС, КТС). Запазычанне з франц. vitrage ’сукупнасць акон якога-небудзь будынка, шкляныя дзверы, перагародка’ (Шанскі, 1, В, 110) праз рус. (Крукоўскі, Уплыў, 75, 84).

Ві́траныкі ’дошкі, якія абараняюць саломенную страху з боку шчытоў’ (Тарнацкі, Studia, Клім.). Гл. ветранікі2.

Вітры́на (БРС, КТС). Запазычанне з рус. витри́на або польск. witryna. Апошнія ў сваю чаргу з франц. vitrine ’вітрына’ (Шанскі, 1, В, 110).

Віту́ха ’матавіла’ (Шат.; КЭС, лаг.; Інстр. II); ’дошчачка для снавання красён’ (Шатал.); ’пустазелле, бярозка, Convolvulus’ (З нар. сл.); ’фасоля, якая ўецца’ (Мат. Гом.). Рус. обвива́льница, польск. powój ’бярозка, Convolvulus’. Да віць, віты.