Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вір1 ’глыбокае месца ў рацэ ці возеры, дзе вада завівае, закручваецца’ (БРС, КТС; барыс., гродз., Нас.; Мал., Яруш., Нас. Сб., Мядзв., Грыг., Шат., Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк.; бых., Янк. Мат.; слаўг., лёзн., Яшк.; КЭС, лаг.); ’любое небяспечнае і невядомае месца’ (Нас., гродз., Шн., 2); ’акно ў дрыгве’ (КЭС); ’хуткі ручай’ (Нас., віц.; Яшк.); ’рух, плынь ракі’ (Яруш., Нас.); ’невялікая травяная яма з вадой на сухім месцы’ (палес., Яшк.). Укр. вир ’вір’, паўн., зах., с.-рус. вир ’вір, яма’; ’дрыгва, вакно ў дрыгве’, перм., калін. ’месца на млыне, куды падае вада з плаціны’, цвяр. выр ’хуткая плынь’; ’яма з вірам’, алан. ’лінія (пры гульні ў лункі)’, польск. wir ’віхор, вір’; ’юрок для матання нітак’, чэш. vír ’вір, віхар, рух’; ’зарубка на дрэве сякерай ці пілой пры вырубцы’; ’касмык шэрсці на персях каня, які служыць характарыстыкай пароды каня’, славац. vír ’вір, віхор’, славен. vȋr ’крыніца, вір’, серб.-харв. ви̑р ’тс’, макед. вир ’лужына, сажалка, вадаём’, балг. вир ’глыбокае месца ў рацэ’; ’затока, сажалка’; ’небяспечнае месца ў рацэ’, ст.-слав. виръ ’вір’. Прасл. virъ. Утворана ад дзеяслова vьrěti (як і жыр, мір і інш.). Параўн. яшчэ літ. vỹrius ’вір’, лат. virags ’вір, віхар’, грэч. βιρός ’дрыгва’, арам. viró ’глыбокае месца ў вадзе’ (Фасмер, 1, 318; Махэк₂, 690; Брукнер, 623, БЕР, 1, 150; Рудніцкі, 1, 393; Мартынаў, Зб. Аванесаву, 189–190).

Вір2 ’вір вадзяніка’ (барыс., Шн., 2), віры́ ’д’яблы’ (Нас. Сб.); ’нячысцікі, што жывуць у вадзяных прорвах, бяздонні’ (Нас.). Бел. лексема ўзнікла шляхам пераносу значэння.

Вір3 ’вірок, прылада для звівання нітак у клубок’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑rъ ад vi‑ti. Гл. яшчэ вірак, вірок, юрок.

Ві́ра1 ’паднімай!’ (БРС, КТС) — выклічнік з марской і будаўнічай тэрміналогіі. Укр. ві́ра, рус. вира ’тс’. Для марскога тэрміна Фасмер (1, 318) тлумачыць паходжанне з іт. virare ’паварочваць’. Бел. і ўкр. будаўнічы выклічнік мог прыйсці і з малд. а вира ’паварочваць’.

Ві́ра2 ’выкуп за забітага чалавека’ (БРС). Укр. віра, рус. вира ’тс’, ст.-рус. вира ’штраф на карысць князя за забойства вольнага чалавека’ (з XII ст.), чэш. уст. vira ’грашовы штраф за забойства (у старарускім і старагерманскім праве)’. Міклашыч (392), Уленбек (AfslPh, 15, 492), Праабражэнскі (1, 85) лічаць гэта запазычаннем з германскіх моў; параўн. ст.-в.-ням., с.-в.-ням. vër‑geld (узята толькі першая частка слова), н.-в. ням. Wergeid ’віра’, гоц. wair ’мужчына’, ст.-ісл. verr ’тс’. Аднак, відавочна, маюцца цяжкасці з вакалізмам кораня. Хутчэй за ўсё лексема віра з’яўляецца роднаснай да літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’мужчына’, прус. wijrs, ст.-інд. vīráḥ ’мужчына, герой’, лац. vir ’мужчына, муж, мужык’, яшчэ ст.-інд. vāiram ’віра, варожасць’.

Ві́ра3 ’частаванне старэйшых таварышаў, якое наладжвае хлопец, дасягнуўшы сталага ўзросту’ (Бяльк.) звязана з літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’. Да віра2 (гл.).

Вірабурна: «Вольных песень стыхійныя хвалі вірабурна прыволлем буяняць» (КТС, П. Трус.). Новаўтварэнне ад вір (гл.) і бурна (гл. бура).

Вірава́ты: вірава́тая вада ’глыбокае месца на рацэ з кругавым цячэннем вады’ (Сцяшк. МГ). Утворана ад дзеяслова віраваць (гл.) і суф. ‑ат‑ы. Параўн. польск. wirowaty ’які ўтварае віры, віруе’, чэш. virovitú ’поўны віру’, серб.-харв. виро̀вит ’які мае шмат віроў, ям (аб рацэ, возеры)’.

Вірава́ць ’утвараць віры, круціць, бурліць’, (перан.) ’кіпець, бурліць’ (БРС, КТС; КЭС, лаг.). Укр. вирувати ’бурліць, кіпець’, польск. wirować ’паварочвацца кругом, круціцца вакол чаго-небудзь, над чым-небудзь’; ’надаваць чаму-небудзь віровы рух’, wirować (po wsi) ’бадзяцца па хатах’. Утворана ад вір1 (гл.) і ітэратыўнага суф. ‑ава‑ (< прасл. ‑ova‑ti). Сюды ж віравацца, віраванне (КТС).

Віравы: віравая вада, віравы шчупак ’які мае адносіны да вір1 (КТС). Укр. вирови́й ’вірны, віровы, бяздонны, дрыгвяны’, рус. вирово́й, вырово́й ’тс’, польск. wirowy ’вярчальны; віхравы’, чэш. vírový, vířivý ’тс’, славац. vírový ’віравы’. Адназоўнікавы прыметнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ав‑ы (< прасл. ov‑ъ).

Вірадаваць ’перабіраць, грэбаваць, капрызіць’ (КТС). Этымалагічна адносіцца да верадзіць (гл.). Гл. таксама віры́дуваць.

Віра́ж ’паварот самалёта, карабля з крэнам або паварот аўтамашыны па крывой лініі’; ’хімічны раствор для надання пэўнага колеру фатаграфічным здымкам’. Укр. віраж, рус. вираж і г. д. Рус. лексема паходзіць з франц. virage ’паварот’ (з пач. XX ст.). Бел. віраж, відаць, запазычана з рус. мовы, хаця не выключана магчымасць паходжання з польск. wiraż ’паварот дарогі ў выглядзе дугі’; ’паварот, змена кірунку руху, бегу, язды’. Сюды ж віражлівы, віражны, віражыць (КТС).

Ві́рак ’юрок, невялікая палачка з засечкамі, пры дапамозе якой намотваюць ніткі’ (Сцяшк. МГ). Да вір3 (гл.).

Вірасаві́к ’жарабя, якое нарадзілася ў верасні месяцы’ (КЭС, лаг.). Да верасаві́к < верасовы < верасень (гл.). Параўн. польск. wrześniak ’зайчанё, якое нарадзілася ў верасні’; ’конь-верасавік, які лічыцца трывалым, здаровым’; ’чалавек, які выглядае маладым і свежым, бо верасень — самы здаровы месяц’ (КСПГ).