Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Віш 1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. виш ’від балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш 2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш 1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш 1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш 1 пакідае нявырашаным.

Вішава́ць ’заставацца няскошанай (аб сенажаці, канюшыне)’ (Янк. I). Палес. вишоват ’перастойвацца, перарастаць (аб траве)’ (Лысенко СПГ), польск. wiszowaty ’грубы, буйны (аб сене)’. Да віш (гл.).

Ві́шанка ’матрац’ (Мат. Гом.). Ад *вішаны пры дапамозе суф. ‑ка. *Вішаны ў сваю чаргу узыходзіць да віш 1 (гл.). Параўн. заўвагу Махэка₂ (691), што ў Ходскай вобласці vyšovku (дэрыват ад *višь) ужываюць пасля сушкі для вырабу матрацаў і сеннікоў.

Ві́шар ’няскошаная трава, якая засталася зімаваць’ (Шат., Бес., Янк. I, Шатал.); ’топкае балота, дзе траву косяць толькі па лёдзе або яна там зазімоўвае’; ’трава ў выглядзе мурагу, якая не трэцца’, ’благое балотнае сена’ (Яшк.); ’гнілое сена’ (Шатал.); ’расліна пажарніца’ (Мат. Гом.). Укр. ви́шар ’леташняя трава’, польск. wiszar ’балотная трава, гушчар, мокры, зарослы травой луг’. Да віш 1 (Махэк₂, 691). Непрымальная думка Рудніцкага (1, 404) ад шар з прэфіксам ви‑.

Ві́шка ’вяха для ўказання граніцы чаго-небудзь (поля, пашы, дарогі і г. д.)’ (Касп., Яшк., Сцяшк. МГ); ’мяжа на лузе, на пасеве з уторкнутымі жэрдкамі’ (Яшк.). Памяншальнае да вяха́ (гл.).

Вішнёўка ’івалга’ (Інстр. II). Да вішня, таму што івалга часта шкодзіць вішнёвым садам. Параўн. укр. назвы івалгі черешоїд, черешенник (Ніканчук, БЛ, 5, 67).

Ві́шніна ’вішнёвае дрэва’ (Касп.). Рус. пск. ви́шина, ви́шенина, укр. вишни́на ’тс’. Ад вішня пры дапамозе суф. адзінкавасці ‑іна, па ўжыванню якога ў гэтай словаўтваральнай мадэлі бел. цесна звязана з заходнеславянскімі мовамі (параўн. Талстой, ВЯ, 1966, 5, 16 і наст.).

Вішні́ўка, вышні́вка ’птушка дубанос, Coccothraustes сосcothraustes L.’ (Нікан.). Гл. вішняк.

Ві́шня (БРС, Касп., Бяльк., Кіс., Бес., КТС). Рус. ви́шня, укр. ви́шня, балг. вишня, серб.-харв. ви̏шња, славен. vȋšnja, чэш. višně, славац. višňa, польск. wiśnia, в.-луж. wišeń, н.-луж. wišńa. Прасл. *višьnʼa ’вішня’. Слова няяснага паходжання. Параўноўваецца са ст.-в.-ням. wîhsila, с.-в.-ням. wîhsel ’чарэшня’ і далей з лац. viscum, грэч. ἰξός (< *uiks) ’птушыны клей’ (таму што клей з вішні ўжываўся як птушыны клей) (Літаратуру гл. Фасмер, 1, 325). Іншыя даследчыкі (Г. Майер, Alb. Wb., 473 і наст.; Фасмер, ИОРЯС, 12, 2, 225; Гр.-сл. эт., 44; Шрадер, 17, 30) лічаць гэта слова запазычаннем з грэч. βύσσινος ’пурпурова-чырвоны’. Параўн., напрыклад, назву фарбы ў ст.-рус. вишъневый, вишьнявый (вишньневъ бархатъ). Махэк₂ (692) лічыць гэта слова праеўрапейскім. Балтыйскія адпаведнікі запазычаны са славянскіх моў.

Вішня́к ’птушка дубанос, Coccothraustes coccothraustes L.’ (Ніканчук). Ад вішня. Назва ўзнікла таму, што дубаносы часта шкодзяць садам, асабліва вішнёвым. Параўн. таксама вішнёўка.