Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Віж1 ’шпіён, чалавек, які імкнецца непрыкметна выведаць, высачыць пра другіх’ (Янк. I, Жд., 2, КТС), ст.-бел. вижь ’судовы прыстаў, судовы выканаўца, які меў абавязак дастаўляць у суд адказны бок, абвінавачаных і рабіць агляды і дазнанні’ (Гарб.), укр. віж ’камісар, судовы прыстаў (у старых судах)’, польск. widz ’сведка’, ст.-польск. widz ’віж’. Да прасл. vidjь ’той, хто бачыць’ < viděti.

Віж2 ’глядзі’ (Нас.), рус. вижь ’вось, вось жа, глядзі’, вишь ’тс’, ст.-рус. вижь, ст.-слав. виждь, чэш. viz, макед. види ’тс’ і г. д. Прасл. vidjь.

Віжаванае ’плата віжам за агляд’ (Гарб.) — субстантывізаваны прыметнік да віжаваць (гл.).

Віжава́ць ’выведваць, выглядваць, шпегаваць, сачыць, падпільноўваць, падслухоўваць’ (БРС, КТС, карэліц.; Янк. Мат., Янк. I, Сцяшк. МГ; лаг., КЭС) — дэвербатыўнае ўтварэнне ад віж1 (гл.) і суф. ‑ovati.

Віжар1 ’яма ад выгаралага торфу і травы’ (палес., Яшк.). Да вы́жар, вы́жары (гл.).

Віжар2 ’сузор’е з 7 зорак’ (бых., Мат., АС), відаць, скарочанае вісажар (гл.).

Віжок ’састаўная частка, якая ўмацоўвае саху’ (палес., Тарн.). Укр. віжечки ’каромысел’. Гэту лексему, а таксама роднасныя ёй усх.-палес. pòdwih ’частка сахі, дубовая расоха, якая падпірае адным сваім канцом правую паліцу (жалезнячок)’ (Маш.) і pudwʼiz ’віжок’ (Тарн.). Трубачоў (Этимология, 1964, 5) адносіць да прасл. dvigati. Мартынаў (ВЯ, 1968, 1, 129–130) расчляняе, як pod‑vigъ, звязваючы апошнюю частку з серб.-харв. ви́гови ’силы, путы’, ви̑г ’пастка’ (Зб. Крапіве, 211–212). У сувязі з тым, што Ю. Тарнацкі побач з віжок падае як паралельную форму ужок, можна меркаваць, што яны адносяцца да прасл. ǫz‑jь > ǫž‑ъkъ. Аднак цяжка растлумачыць пачатковы вакалізм у віжок.