Вібраваць ’рытмічна хістацца’ (КТС) словаўтваральна перааформлена з літар. вібры́раваць, якое паходзіць з рус. вибри́ровать < ням. vibrieren ’хістацца, дрыжаць, вібрыраваць’.
Вібра́цыя ’рытмічнае хістанне пругкага цела’ (КТС, БРС). Запазычана праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 89) з франц. vibration ’хістанне, ваганне’ (Шанскі, 1, В, 91) < лац. vibratio < vibrare ’дрыжаць, хістацца’ (Даза, 750). Не выключана магчымасць запазычання з польск. wibracja, асабліва з музычнай тэрміналогіі. Сюды ж вібрант, вібратар, вібрацыйны (КТС, БРС), вібрыён (гл.).
Вібрыён ’бактэрыі ў форме сагнутай палачкі’ (КТС, БРС). Запазычана праз рус. мову з франц. vibrion. Да вібрацыя (гл.).
Вібрыс ’від воласу канічнай формы ў футры’ (КТС). Запазычана праз рус. мову з н.-лац. vibrissae ’валасы ў носе’; ’вусы ў жывёл’.