Віз ’асётр, бялуга’ (Інстр. II), ст.-бел. визина ’бялужына’ (1582 г.). Укр. виз ’рыба, Acipenser schypa’; ’Huso Huso’, рус. визи́га, вязи́га ’сухажылле ў чырвоных рыб’; ’звязкі ўздоўж хрыбеціна’, виз ’важак у рыб, за якім ідзе касяк асятровых рыб’, польск. wyza, wyzina, в.-луж. wyz ’бялуга’, чэш. vyza velká ’тс’, vyza malá ’калуга’, славац. vyza ’асятровая прэснаводная рыба’, славен. víza ’Acipenser huso’, серб.-харв. виза, балг. виза. Прасл. vyzъ/vyza. Запазычанне з герм. мовы, якое сцвярджаецца этымолагамі (параўн. Гараеў, 48; Голуб, 342; Міклашыч, 398; Брукнер, 640; Махэк₂, 705; Кнежа, 782; Фасмер, J, 313; Шанскі, 1, В, 94; КЭСРЯ, 81; БЕР, 1, 146), вельмі няпэўнае. Ст.-бел. форма визина неабавязкова запазычана з польск. (як мяркуе Булыка, Запазыч., 62). Гэта нармальнае ўтварэнне на ‑ina са значэннем мяса; параўн. бараніна, свініна і г. д.
Ві́за ’урадавы штамп у пашпарце; адзнака ў дакуменце’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. ви́за ’тс’. Не выключана магчымасць запазычання праз польск. мову; параўн. польск. wiza ’тс’. Сюды ж візаваць, візі́раваць (БРС, КТС) ’ставіць візу ў дакуменце’.
Візава́ты ’дрэва з сукаватымі слаямі, якое цяжка шчапаецца’ (лаг., КЭС). Не зусім яснае слова. Відаць, мае сувязь з літ. vyžà, лат. vize ’лапаць’, літ. výžti ’плясці’. Магчыма, да вяз (гл.), *вязаваты.
Візаві́ ’адзін насупраць аднаго’; ’той, хто знаходзіцца насупраць’ (БРС). Запазычана з рус. визави ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 76) < франц. vis‑à‑vis ’тварам да твару’ (Фасмер, 1, 313; Шанскі, 1, В, 94).
Візг ’візгат, пранізлівы, рэзкі гук’ (КТС). Рус. визг ’тс’. У іншых слав. мовах маецца глухі варыянт гэтай лексемы visk‑. Звонкасць ‑зг абумоўлена, відаць, інтэрвакальнай пазіцыяй. Да віск (гл.). Сюды ж новаўтварэнні візгат, візгатня, візгатанне, візготны, візгатаць, візгатліва.
Візіга ’прадукт, які вырабляецца са спінной струны асятровых рыб’ (КТС). Запазычана з рус. визига ’тс’, дзе ўтворана пры дапамозе суф. ‑ига. У іншых слав. мовах суф. ‑ina: польск. wyzina, славен. vízovina, як бараніна і да т. п. Да віз (гл.).
Візі́р 1 ’відашукальнік (у фота- і кінаапараце)’; ’частка прыцэльнага прыстасавання з вузкай шчылінай’; ’прылада для візіравання’ (КТС, БРС). Паходзіць з рус. визир < ням. Visier ’мішэнь’ (Фасмер, 1, 313) < лац. visus ’від, выгляд’.
Візі́р 2 ’міністр, высокі саноўнік у Турцыі і іншых мусульманскіх дзяржавах’ (БРС). Паходзіць са ст.-рус. формы визирь < араб.-тур. väzir. Гл. Фасмер, 1, 313.
Візі́ра ’прасека’ (светлаг., Мат. Гом.). Новаўтварэнне, да візірка 1 (гл.). Параўн. рус. арханг., с.-урал. визира ’тс’.
Візірка 1 ’прасека’ (КТС), рус. перм., калуж. визирка ’тс’ паходзіць ад візір 1. Па ўзору прасека атрымала суфікс ‑ка.
*Ві́зірка 2 драг. вы́зырка, вэ́зырка ’вышка, маяк, трыангуляцыйны пункт’ (З нар. сл.; Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Да візір 1 (гл.).
Візіро́ўка — дзеянне, паводле дзеяслова візіраваць, наводзіць аптычны прадмет, прыбор на які-небудзь пункт (БРС). Да візір 1.