Ві́ра 1 ’паднімай!’ (БРС, КТС) — выклічнік з марской і будаўнічай тэрміналогіі. Укр. ві́ра, рус. вира ’тс’. Для марскога тэрміна Фасмер (1, 318) тлумачыць паходжанне з іт. virare ’паварочваць’. Бел. і ўкр. будаўнічы выклічнік мог прыйсці і з малд. а вира ’паварочваць’.
Ві́ра 2 ’выкуп за забітага чалавека’ (БРС). Укр. віра, рус. вира ’тс’, ст.-рус. вира ’штраф на карысць князя за забойства вольнага чалавека’ (з XII ст.), чэш. уст. vira ’грашовы штраф за забойства (у старарускім і старагерманскім праве)’. Міклашыч (392), Уленбек (AfslPh, 15, 492), Праабражэнскі (1, 85) лічаць гэта запазычаннем з германскіх моў; параўн. ст.-в.-ням., с.-в.-ням. vër‑geld (узята толькі першая частка слова), н.-в. ням. Wergeid ’віра’, гоц. wair ’мужчына’, ст.-ісл. verr ’тс’. Аднак, відавочна, маюцца цяжкасці з вакалізмам кораня. Хутчэй за ўсё лексема віра з’яўляецца роднаснай да літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’мужчына’, прус. wijrs, ст.-інд. vīráḥ ’мужчына, герой’, лац. vir ’мужчына, муж, мужык’, яшчэ ст.-інд. vāiram ’віра, варожасць’.
Ві́ра 3 ’частаванне старэйшых таварышаў, якое наладжвае хлопец, дасягнуўшы сталага ўзросту’ (Бяльк.) звязана з літ. výras ’мужчына, мужык, муж’, лат. vīrs ’(дарослы) мужчына’. Да віра 2 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)