Во́бмег ’расліна, Conium maculatum’, балігалоў плямісты’; ’блёкат’ (БРС), вобмегам (выйсці) ’бокам’ (Жд., 1). Рус. о́мег ’то’, о́мяк ’цыкута’, укр. о́мег, ц.-слав. омѣгъ ’ядавітая расліна, Lupicida’, польск. omieg, ст.-польск. omięg, omiażdżyła się owca ’аўца атруцілася цыкутай’, чэш. oměj, voměj, omih ’Aconitum’, славац. omich, omega, omeda ’тс’, славен. omej ’тс’. Прасл. *oměgъ звязана чаргаваннем з мігаць таму, што гэтыя (ядавітыя) расліны маюць адурманьваючае дзеянне (Мацэнаўэр, LF, 11, 352; Брукнер, 379). Назалізацыя ў польск. другасная насуперак Міклашычу (221). Гіпотэза Мяркулавай (ЭИРЯ, 3, 18–19), якая звязвае слав. oměgъ з лац. vomica ’рвотны’ і мяркуе, што гэта запазычанне з лац. vomitus ’рвота’ бел. і польск. мовамі, малаверагодная з фанетычнага пункту погляду і ў адносінах канкрэтнай гісторыі запазычанага слова (напр., польск. womitować, womitowy і бел. ваніты, воміт ’рвота’ не перацярпелі ніякіх змяненняў; б у бел. слове — вынік замены о‑ на об‑ пад уплывам народнай этымалогіі ў выніку ўспрымання о‑ як прыстаўкі. Параўн. омег і амежнік. Гл. таксама Фасмер, 3, 138; Махэк₂, 414.
Во́бмельгам, вобмільгам — прысл. ’хутка, у імгненне вока’ (КТС). Да мільгаць. Першапачаткова тв. скл. назоўніка *вобмельг.
Во́бмешка ’пасыпка, запраўка корму хатняй жывёле’ (БРС); ’мука грубага памолу’ (Жд., 1, Янк. II, Інстр. I, Мат. Гом.); ’дробная мякіна’ (Шат.). Укр. о́бмішка ’вотруб’е або мука, што падмешваюць у корм жывёле’, польск. obmieszka ’тс’. Да абмяшаць з суф. ‑ка.
Во́браз ’мастацкае адлюстраванне ідэй і пачуццяў у гуках, словах, фарбах і інш.’; ’створаны мастаком ці акцёрам характар, тып’ (БРС, КТС); ’абраз’ (БРС, КТС, Нас., Касп., Шат., Мал.). Гл. абраз. Першае і другое значэнні з’явіліся пад уплывам рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 149). Дэрываты вобразны і вобразнасць — гэта калькі адпаведных рускіх слоў.
Во́брацень ’памылка ў снаванні красён’ (Бяльк.). Ад абараціць з суф. ‑ень. У семантычных адносінах параўн. перамота ’тс’.
Во́браць ’аброць’ (БРС, КТС, Бір. Дзярж.), вобруць (Шат., КТС, Сцяшк. МГ, З нар. сл.). Гл. аброць.
Во́бруб ’плошча зямлі ў адным кавалку’ (КЭС). Рус. о́бруб ’дзеянне па дзеяслову абрубіць; калодзежны зруб’, укр. обру́б ’асобны кавалак зямлі, участак’, польск. obrąb, obręb ’абмежаваная тэрыторыя, участак, граніца’, в.-луж. wobrub ’край, абрубка адзежы’, чэш. obruba, серб.-харв. òbrub(a) ’край адзежы, кашулі’; ’нізкая каменная агароджа калодзежа’. Да абрубіць. Параўн. абрубак.
Во́буй ’абутак’ (Бяльк., Гарэц., Сцяшк., З нар. сл., Мат. Гом.). Рус. вяц. о́буй, чэш. дыял. vobuj ’тс’. Да абуць (гл.) з суф. ‑jь (Вахрас, Наим. об., 132 і наст.). З гэтай суфіксацыяй, відавочна, даволі архаічнае ўтварэнне (Гл. SP, 1, 80 і наст.).
Во́буў, вобуўя ’абутак’ (Юрч.). Запазычанне з рус. обувь, якое да абуць (гл.). (Фасмер, 3, 109; Вахрас, Наим. об., 132 і наст.).