Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сы́равадка ’вадкая частка кіслага ці адтопленага малака’ (Нас., Шымк. Собр.), сы́раватка ’тс’ (Касп.; докш., Гіл.; Сл. ПЗБ), сыра́вадка ’тс’ (Растарг.), сы́рва́тка ’тс’ (Ласт., Сл. ПЗБ), сы́ўрадка ’тс’ (Юрч. Вытв.), сы́ўрытка ’тс’ (Бяльк.). Апошнія формы, паводле Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 41), блізкія да рэканструяванага булг. *surat > *śu͡arat > *śuvarat, якое адпавядае цюркскім назвам кіслага малака: кірг. джуурат, якуц. суорат і інш., што малаверагодна. Гл. сыроватка.

Сыраве́жка (сыравѣжка) ’сыраежка’ (Шымк. Собр., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сярж.–Яшк.). Рэкамендавана ў якасці асноўнага наменклатурнага тэрміна для называння грыбоў Russula ў беларускай мікалогіі (Сярж.–Яшк., 40), побач з ім часта ўжываюцца сураве́жка, сыраежка (гл.), якія лічацца зыходнымі. Магчыма, збліжана з сыравы, суравы (гл.), параўн. славен. surovež ’грубы’. Формы сыраве́га, сыравя́га, сыравежа ’тс’ (Сярж.) другаснага паходжання.

Сыраве́ц ’квас’ (Бяльк., Мат. Гом.), ’нямочаны ў вадзе лён’ (Сцяшк.). Параўн. укр., сиріве́ц ’хлебны квас’, дыял. ’сырамятная скура’, рус. дыял. сырове́ц ’белы, неўвараны квас’. Да вырыянтнай асновы *syrovъ/*surovъ ’сыры, неапрацаваны; свежы, мокры’ (гл. сыравы, суравы). З суф. ‑ец, параўн. сырэц.

Сыраві́зна ’усялякая зелень, прыдатная для ежы’, ’сырасць’, ’недавараная ежа’ (Нас.), ’што можна есці сырым, негатаваным’ (Сцяшк. Сл.), ’нябеленае льняное палатно’ (ашм., Нар. скарбы). Параўн. каш. sëroizna ’недагатаванасць; свежасць, сырасць’. Да сыравы (гл.) з суф. ‑ізн‑а, параўн. сырызна.

Сыраві́на ’матэрыял для далейшай апрацоўкі’ (ТСБМ), сыраві́на ’сырая, нявырабленая скура’ (Бяльк.), сырови́на ’неадбеленае палатно, ніткі’ (Уладз.). Параўн. славен. surovina ’сыры матэрыял’. Да сыравы, гл.

Сыравы́ ’свежы, незаквашаны (пра гуркі)’ (ст.-дар., Ск. нар. мовы), ’падбелены (пра палатно, ніткі)’ (Сл. ПЗБ; маст., Нар. скарбы; Ян.), сыро́вы ’тс’ (ТС). Параўн. укр. сирови́й ’сыры, вільготны’, ’нявыраблены, неадбелены’, ’негатаваны’, стараж.-рус. сыровыи ’сыры, вільготны’, польск. дыял. syrovy ’сыры, згатаваны; вільготны, нявысушаны’, каш. sërovi, srovi ’вільготны; сыры, негатаваны; няспелы’, чэш. syrový ’сыры, вільготны, халодны’, славен. дыял. sirọ̑v ’сыры, свежы; неапрацаваны, грубы’, серб.-харв. си̏ров ’сыры, свежы, зялёны, няспелы’, макед. сиров ’сыры, свежы, неапрацаваны; слабы, хворы’. Прасл. *syrovъ(jь)/*surovъ(jь) ’сыры, неапрацаваны; свежы; мокры’ ад прасл. *syrъ/*surъ ’сыры, неапрацаваны; няспелы; мокры, вільготны’ (SEK, 4, 265–266; Борысь, 587). Мяркуецца, што ўзыходзіць да і.-е. *sūr‑ou‑o‑s, метафарычна звязана з *syrъ ’кіслы, горкі, салёны’ (Глухак, 579), гл. сыр. Паводле Фурлан (Бязлай, 3, 343), прыметнікі на *‑оvъ утвараюцца ад назоўнікаў, што прадугледжвае стадыю субстантывізацыі зыходнай формы.

Сырадо́й ’толькі што надоенае, яшчэ не астылае малако’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сцяшк., Растарг., Маш., Пятк. 1, ЛА, 4), сырадо́й, сарадо́й ’тс’ (Сл. ПЗБ), сыродо́й ’тс’ (ТС), сурадо́й ’тс’ (Мат. Маг.). Укр. палес. сироди́й, сиродо́й, рус. смал. сыродо́й. З сыры́ і даі́ць. Вештарт (Лекс. Палесся, 104) у сыр‑ (параўн. яшчэ сыракваша, сыра/оватка) бачыць агульны элемент са значэннем ’малако’, роднаснае прасл. *syrъ: *sьrъ‑ (гл. cepa): *sъrь‑, які быў выцеснены пранікненнем з германскіх моў *melzivo (гл. малозіва), што падтрымлівае Мартынаў (Этимология–1968, 20–22); супраць Трубачоў (там жа, 39). Аднак слав. *syrъ мае значэнне не толькі ’сыры’, але і ’свежы’, ’неапрацаваны’, параўн. таксама заўвагу Пяткевіча: “mleko prosto od krowy (syradoj) nie używają” (Пятк. 1, 131).

Сырадэ́ля ’аднагадовая кармавая расліна сямейства бабовых, Ornithopus L.’ (ТСБМ, Кіс.), сэрадэ́ля ’тс’ (Некр. і Байк., Цых.), сарадэ́ля, серадо́ля, сэрадэ́ль ’тс’ (Кіс.), салідэ́ра ’тс’ (Арх. Вяр.). Праз польск. saradela, seradela, дыял. saladera ’тс’ з ісп. serradella (парт. serradeld), якое паходзіць ад ісп. serrado ’зубчасты; вызублены’; назва па форме лістоў (SWO, 678; ЕСУМ, 5, 215). Відаць, памылкова палес. серэдэля (середелʼа) у запісе Дзендзялеўскага (Бел.-укр. ізал., 25) ідэнтыфікуецца як ’расліна Taraxacum vulgare Schrk.’.

Сырае́жка ’ядомы грыб, Russula’ (ТСБМ), дыял. сыраве́жка, сыравя́жка, сыравя́жына, сырае́жа, сырае́га, сыра́дзега, сурае́жына, сураве́га, сераве́жка ’тс’ (Расл. св., Сярж.–Яшк.), сырае́шка ’тс’ (Пятк. 1), сыроежка ’тс’ (ТС), сырое́жы ’тс’ (Арх. Вяр.), сырое́тка ’тс’ (Федар. 6). Параўн. укр. сироїдка, сироїжка ’грыб Agaricus ruber’, рус. сырое́жка, сырое́га, сураве́шки ’грыб Agaricus integer’, польск. serojeszka, surojadka ’грыб Agaricus russula’, ст.-чэш. syrojědka, чэш. syrovedka, харв. siro(vo)jedka, славен. sirojẹ̑dka, sirovojedka ’тс’. Ад. *syrъ (гл. сыры) і ěd‑/ědja ’ежа’, г. зн. ’грыб, які можна есці сырым’; гл. Фасмер, 3, 819; Мяркулава, Очерки, 171–172. Гл. таксама суравежка, сыравежка.

Сыраква́ш ’квашаны бурачнік’ (смарг., Сл. ПЗБ). Гл. наступнае слова.