Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сшымане́ць ’здурнець, звар’яцець’ (Бяльк.). Няясна; корань слова нагадвае ўласнае імя Шыман, параўн. змікіціць ’сцяміць’ ад Мікіта.

Сшы́ндзіцца ’моцна схуднець’ (ТС). Магчыма, утворана ад шэндзя ’малярыя’, гл.

Сшыпу́ліць ’стуліць, сшыць’, сшыпу́лены ’сшыты на скорую руку’ (Яўс.). Магчыма, да шып ’драўляны клін, якім злучаюць бярвенні’. Гл. шыпуліць.

Сшы́так ’злучаныя лісты паперы ў вокладцы’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сшыто́к ’тс’ (Гарэц., Ласт.). Ад сшыць ’злучыць, аб’яднаць’, гл. шыць. Наватвор па ўзору польск. zeszyt, укр. зо́шит ’тс’.

Сыба́ ’хіба’ (драг., З нар. сл.; Ск. нар. мовы). Гл. сіба.

Сыбо́та. Гл. субота.

Сы́варатка ’вадкасць, якая атрымліваецца пры згортванні крыві і лімфы’ (ТСБМ), ’вадкасць з адстоенага ці адтопленага малака’ (Сцяшк.). У першым значэнні запазычана з рус. сы́воротка ’тс’, у другім — вынік метатэзы складоў у сыроватка (гл.). Сюды ж, відаць, і сы́варачная трава́ ’дзярачка, Asperula arvensis L.’ (Меер Крыч.), адзін з відаў якой носіць назву ўкр. сируха (Макавецкі, Sł. botan.).

Сыгла́цца ’пасябраваць’ (Мат. Гом.). Няясна; магчыма, да *jьgъla ’клін, шып, пры дапамозе якога злучалі часткі чаго-небудзь’ (гл. ігла). Паралельнае ўтварэнне сыглі́чыцца ’злучыцца металічнымі скобамі’ (Юрч. Вытв.) ад ігліца ’брусок, што злучае дошкі’, гл.

Сыгне́т ’пярсцёнак з пячаткай’ (Нас., Сцяшк.), сыгнэ́т ’тс’ (Касп.), ’залаты пярсцёнак’ (маладз., Гіл.). Ст.-бел. сыкгнетъ (сегнетъ, сегнитъ, секгнетъ, сигнетъ, сыгнетъ) ’тс’ з 1498 г., запазычанне са ст.-польск. sygnet (XV ст.), якое з с.-лац. signetum (Булыка, Лекс. запазыч., 34), што да лац. signum ’знак’ (Брукнер, 528).

Сы́здалі ’здалёк, здалёку’, сы́здаль ’у далечыні, далёка’ (Ласт.). Утворана першапачаткова шляхам зліцця ў адно слова спалучэння ⁺съ издали, параўн. рус. и́здали ’здалёку’.