Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Скло́бка ‘від матыкі з жалезным пальцам замест лапаткі для чысткі ўнутры вялікіх прадметаў’ (Мат.), ‘скобля’ (Пятк. 1), скло́бка, шкло́бка ‘тс’ (ТС), склы́бка ‘тс’ (Шатал.), склэ́бка ‘тс’ (Сл. Брэс.), скло́бля ‘прылада для прыгатавання борці (нож з ручкай)’ (Сержп. Борт.). Укр. палес. скло́бка ‘прылада для здымання кары з дрэва’. Відаць, ад склобі́ць ‘здымаць кару з дрэва’ (ПСл), ‘скрэбці’ (ТС), ‘чысціць рыбу, скрэбці малую бульбу’ (Вешт.), што ў выніку метатэзы з скаблі́ць ‘ачышчаць кару з дрэва; ачышчаць бульбу ад шалупіння’ (Варл., Бяльк., Касп.), ‘часаць’: скабліла ногі (Касп.), ско́блыты ‘абіраць бульбу’ (Сл. Брэс.).

Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).

Склон1 грам. ‘склон’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб., Стан.). Утварэнне на ўласнай глебе ад запазычаных граматычных тэрмінаў склане́нне (гл.), скланя́ць, параўн. рус. склоне́ние, склоня́ть. Крукоўскі (Уплыў, 42) лічыць беларускае слова запазычаннем з рускай мовы.

Склон2 ‘схіл’ (Гарэц., Ласт., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Яшк.), ‘нахіл’ (ТС). У сучаснай літаратурнай мове, хутчэй за ўсё, з рус. склон ‘схіл’, аднак у народнай мове можа быць самастойным утварэннем, параўн. кланіць (гл.) і наступнае слова.

Скло́ннасць ‘схільнасць, дар, талент’, ‘прыхільнасць’ (Ласт.), сюды ж скланяць ‘схіляць у карысць каго-небудзь ці чаго-небудзь’, скло́нны ‘прыхільны’ (там жа), ст.-бел. склонити ‘схіліць’ (Альтбаўэр), параўн. рус. скло́нность, склоня́ть, скло́нный ‘тс’. Паводле Кохмана (Stosunki, 125–126), насуперак Фасмеру (3, 642: калька франц. inclination ‘схільнасць’), з польск. skłonność — калька з лац. inclinatio ‘тс’, што трапіла ў рускую мову праз старабеларускую, гл. таксама Віткоўскі, Słownik, 173. У сучаснай літаратурнай мове калькуюцца ўтварэннямі з коранем ‑хіл‑, што не выключае захавання народных форм ад кланіць (гл.).

*Склума́чыць, склума́чыты ‘скомкаць’ (Клім., Сл. Брэс.). Кантамінацыя скамячыць і клумак ‘клунак’, гл.

Склынбо́ваць ‘туга звязаць (пра сноп)’ (пруж., Сл. ПЗБ). Да клынбэль, кныбель, кнібель (гл.), паводле націску, паланізм, аднак у польскіх слоўніках не фіксуецца (*sknębłować?).

Склюд. Гл. склют.

Склю́ндра ‘скупяндзя; пляткарка’ (брэсц., Нар. лекс.). Няясна, магчыма, ад склюд, склют ‘жмінда’ (гл.) з экспрэсіўнай суфіксацыяй. Параўн. укр. шлю́ндра ‘неахайная жанчына; шлюха’.

Склю́піцца ‘сагнуцца’ (мядз., Нар. словатв.). Запазычанне з польск. sklupić się ‘збіцца ў камяк; згусціцца; сагнуцца, скурчыцца’ < klupić się. Апошняе роднаснае літ. klaũpti, klaupiù ‘спатыкацца, падаць на калені’, klùpti, klumpù ‘спатыкацца, падаць’, лат. klàupat ‘спатыкацца’ і г. д. Падрабязна гл. Слаўскі, 2, 242 і наст. Параўн. таксама клыпаць (гл.).

Склют, склюд, шклют ‘цяслярская сякера з шырокім лязом’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сцяшк., Мядзв., Выг., Сл. ПЗБ, Сержп. Прымхі; кліч., Жыв. сл.), ‘скупы’ (Касп.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘худы (гарбаты), нязграбны чалавек’ (Жд. 2, Янк., Сл. Брэс., Скарбы; віл., Нар. сл.; віц., Нар. лекс.), ‘худы, высокі, гарбаты чалавек’ (Сцяц.), ‘жмінда’ (Касп.), ‘люты мароз’ (Шатал.), склю́ціна ‘худы’ (мёрск., Нар. словатв.), склюд ‘вялікі нос’ (Наша слова, 2000, 12 студз.), ст.-бел. склютъ ‘цяслярская сякера’ (Яблонскіс). Запазычанне з літ. skliùtas ‘цяслярская сякера’; гл. Брукнер, 494; Аткупшчыкоў, Лекс. балтызмы, 33; Урбуціс, Baltistica, 5 (2), 152 і наст. Свобада, Studies in Slavic Linguistics and Poetics, N. Y.—London, 1968, 247. Агляд літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22; Анікін, Опыт, 282. З літоўскага запазычаны таксама рус. склюд, укр. склюд, шклюд, польск. sklut ‘тс’. Формы з ш‑ (sz‑) з’явіліся на славянскай глебе. Склютава́ць ‘рабіць склютам’ (Жд. 1), паводле Урбуціса (там жа), магчыма, таксама з літ. skliutúoti ‘тс’, а склюдава́ць (ТСБМ) утвораны ўжо на беларускай глебе, таму што літоўскі назоўнік з ‑d‑ не адзначаны. Ст.-бел. склютъ, скгклютъ ‘тс’ фіксуецца з 1561 г.; гл. Булыка, Лекс. запазыч., 95.