Скло́ка ‘сварка, непрыязныя адносіны’ (ТСБМ), ‘калатня, гармідар; віхор, ураган’ (Ласт.), ‘моцны вецер з дажджом’: нахопітца склока да й пакруціць, паломіць усе збожэ (Сержп.). Параўн. укр. скло́ка ‘сварка’ (з рус., гл. ЕСУМ, 5, 276), рус. скло́ка ‘тс’, якое Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) узводзіць да клок (гл.), параўн. таксама клаката́ць ‘сварыцца’ (Мат. Гом.), гл.; сюды ж склы́ка ‘лаянка, варожасць’ (Касп., Мат. Гом.), ‘сваркі, калатня’ (Растарг.), якое Трубачоў (Дополн., 3, 642) лічыць экспрэсіўным пераўтварэннем склока; хутчэй да клы́чыць ‘шкуматаць, блытаць; дражніць (злаваць)’, гл. Фасмер (3, 642) рус. склы́ка разглядае як дэрыват ад клык (гл.). Першасным значэннем трэба прызнаць ‘блытаць, круціць’, параўн. клочча ‘адходы пры апрацоўцы льну’ (гл.), рус. скло́чить ‘склычыць, пераблытаць’ (Ласт.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)