Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Суму́д ’гермафрадыт’ (Ласт.). Відаць, да муды (гл.), параўн. сінонім абаму́д ’тс’ (Ласт.) з няяснай першай часткай, што адпавядае су- са значэннем сумеснасці (тады аба‑ з абодва, абое?).

Сумы́ль ’маўклівы чалавек’ (Мат. Гом.). Магчыма, утварэнне, аналагічнае соўмэла (гл. саўміла) з заменай оў > у, параўн. соўнуць/сунуць, і фіналлю, як у мармы́ль ’негаваркі чалавек’ (Сл. ПЗБ), параўн. соўмак ’тс’ (гл. соўма).

Сумы́сля ’з намерам, знарок, наўмысна’ (ТСБМ, Бяльк.; барыс., Сл. ПЗБ; Касп., Варл., Ян.), сумы́слі, су́мыслу, сумы́слу ’тс’ (Нас.), сюды ж сумы́сна ’тс’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц.), ’з добрым намерам’ (Нас.). Гл. наўмысля; параўн. асучасненую форму зумы́сля (zumúśla) ’з намерам, свядома’ (Варл.). Шуба (Прыслоўе, 112) мяркуе пра дэфармацыю суфікса-канчатка ў сумы́сля (сумысле) замест сумысла (сумыслу). Гл. мысліць, гл.

Су́мярак ’змрок’ (ашм., Сл. ПЗБ), на су́мярках ’у час змроку’ (воран., там жа), су́мерак, су́мерка, су́мерк, су́меркі ’тс’ (віц., ЛА, 2), да прасл. *mьrknǫti ’меркнуць’, параўн. рус. су́меркі ’тс’.

Сумятня́ ’бязладная беганіна, мітусня, клопаты’ (ТСБМ), сумя́ціца ’тс’ (Некр. і Байк., Ласт.), ’суматоха’, ’завіруха’ (Нас.). Укр. сумʼяття́, рус. сумя́тица ’тс’. Вытворныя ад кораня ‑мят‑, які ў рус. мяту́, мясти́ ’прыводзіць у замяшанне’, стараж.-рус., ст.-слав. мѧтѫ, мѧсти, чэш. matu, másti ’блытаць; бянтэжыць’ і г. д., аб якім гл. Фасмер, 3, 32. Борысь (Prefiks., 111) лічыць магчымым узнавіць зыходнае усх.-слав. (прасл. дыял.?) sǫmętь < sъmęsti, ‑mętǫ.

Суна́дзкі ’вяровачкі для падвешвання нітоў’ (калінк., Сл. ПЗБ), су́назкі ’дзве планкі, як часткі набілак, са шпарамі, у якія ўстаўляюцца бёрда’ (Янк. 1), су́назка ’кій, які ўсаджваецца ў “вушы” кубла’ (мазыр., ГЧ). Слова таго ж кораня, што і снадзь (гл.), да прасл. *snaditi ’злучаць, змацоўваць’; магчыма, ад незахаванага *сунадзіць з суф. ‑к‑.

*Сунажа́ць, суножа́ць ’світаць; цямнець’ (ТС). Няясна. Да *суно́зіць, параўн. суноза (гл.), г. зн. ’злучаць (ноч і дзень)’? Аб сумяшчэнні значэнняў ’світаць’ і ’цямнець’ параўн. сутонне, гл.

Су́настка ’ручка ў набіліцах’ (пух., З нар. сл.), ’палачка для падтрымання набілак’ (Шат.), сюды ж, відаць, і лаянк. ’нелюдзімка’ (Адм.). Этымалагічна тое, што і снасць (гл.), але з іншым словаўтваральным афармленнем: прыст. су- і суф. ‑к‑.

Сунда́чыць ’многа набіраць’ (ТС). Параўн. укр. сунда́читися ’цягнуцца, плясціся’. Шульгач (Прасл. гідронім., 269) мяркуе пра зыходнае *sъldačiti — дзеяслоў на ‑iti‑ ад незасведчанага *sъldakъ, параўн. рус. дыял. присалдычить ’ударыць’, суадносны з *sъldyga (гл. сулдыга), што няпэўна. ЕСУМ (5, 475) звязвае ўкраінскае слова з су́нутися (гл. сунуць).

Су́ндзіла ’непаваротлівы, няўклюдны чалавек’ (Мат. Маг. 2). Параўноўваецца з укр. дыял. сандига ’непаваротлівы чалавек; дахадзяга’, якое выводзіцца з *sъldyga (гл. папярэдняе слова), што да ўкр. досовдати(ся) ’даплесціся, дабрацца’ (< *do‑sъldati sę) (Шульгач, Прасл. гідронім., 169). Сумніўна; хутчэй да сунуцца (гл. сунуць) праз незафіксаванае *сунда (параўн. дыял. durandá ад durʼėč, гл. Саевіч, Derywacja, 161) з экспрэсіўным суф. ‑іла.