Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ве́шак1 ’вешалка ў адзенні’ (Сцяшк. МГ), драг. віша́к ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Запазычана з польск. мовы; параўн. польск. wieszak (гл. Сцяц., Словаўтв., 63).

Ве́шак2 ’вешалка для адзення’ (карэліц., Шатал.) запазычана, відаць, з польск. wieszak ’вешалка (стойка, гак) для вешання адзення’; ’плечкі’.

Ве́шала1 ’прыстасаванне з калоў, жэрдак для сушэння сена, вянкоў цыбулі і інш.’ (КТС, БРС), укр. ві́шало ’вешалка для адзення’, рус. паўн. вешало ’жэрдка, на якой што-небудзь развешваецца, сушыцца (снапы, лён)’; ’вяроўка, на якой сушыцца бялізна’, ст.-рус. вешала ’прыстасаванне з жэрдак для прасушвання чаго-небудзь’ (з XVII ст.), польск. wieszadło ’вешалка’; ’паліца ў выглядзе драбіны’, в.-луж. wěšadło ’вешалка’, чэш. věšadlo ’тс’, славац. vešadlo ’апорная канструкцыя’, славен. vešála мн. л., серб.-харв. ве̏шала, балг. ве́шало ’шыбеніца’, славен. vẹ́šalo ’павешанае на сцяне кухоннае начынне’, прасл. лексема з суф. ‑dlo ад асновы věšati (гл. вешаць).

Ве́шала2 ’звязка грыбоў’ (Інстр. III), лун. вэ́шало ’нізка скручанага лыка’ (Шатал.) узнікла ў выніку семантычнага пераносу: ’прыстасаванне (жэрдка, вяроўка), на якім падвешваецца нешта для сушкі’ → ’тое, што падвешваецца’.

Ве́шалка ’полка або стойка з кручкамі (калочкамі), на якія вешаюць адзенне’ (КТС, БРС, Сцяшк. МГ); ’вешалка ў адзенні’ (Сцяшк. МГ), укр. ві́шалка ’паліца-вешалка’, рус. ве́шалка ’тс’, балг. дыял. вешалка ’шыбеніца’. Гэта параўнальна новае ўсходнеславянска-балгарскае ўтварэнне, відавочна, ад вѣшало (< věšati) і суф. ‑к‑a (Nomina loci), а не непасрэдна ад вешаць, як мяркуе П. Сцяцко (Нар., 116).

Ве́шальнік1 ’той, хто вешае людзей’ (КТС). Новае ўтварэнне ад дзеяслова веша‑ць і суф. ‑льнік.

Ве́шальнік2 ’вісельнік’ (лун., Шатал.), укр. ві́шальник ’тс’ утворана ад дзеяслова веша‑цца і суф. ‑льнік. Гл. вісельнік.

*Ве́шальнік3, вjе̂шалнык ’сук, на які вешаюць вулей’ (Анох., 323) паходзіць, відавочна, ад вешальна (< ве́шаць < věšati), якое абазначала прыладу дзеяння (параўн. бел. дзяржальна, прасл. krosno); пад уплывам слова сук лексема вешална змяніла суф. ніякага роду на мужчынскі ‑(н)‑ік; адсутнасць мяккасці ‑л‑ у лексеме вjе̂шалнык з’яўляецца характэрнай для паўднёвых бел. гаворак; параўн. чапʼи́лна ’цапільна’, бычʼе́лно ’біч цэпа’ (ДАБМ, 828).

Ве́шацель ’вешальнік, той, хто вешае’ (БРС, КТС) < з рус. вешатель ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56). Сюды ж вешацельскі (Яруш.).

Ве́шаць ’надаваць каму-небудзь вісячае становішча’; ’схіляць што-небудзь’ (КТС, БРС, Бяльк.), рус. вешать, укр. ві́шати, польск. wieszać, в.-луж. wěšeć, чэш. věšeti, славац. vešať, славен. (o)béšati, серб.-харв. ве̏шати ’тс’. Прасл. věšati (< věsjati) з’яўляецца дзеясловам ітэратыўнага значэння, утвараемым ад věsiti; параўн. весіць, вісець (гл.). Гл. таксама Сразнеўскі, 1, 493; Голуб-Копечны, 417; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79.

Вешка1 ’галінка’ (КТС), вешачка ’тс’ (Шн., Песні), рус. пск. ве́шка ’галіна, пераважна яловая’, арханг. ’галіна’. Да веха, вяха1, 4 (гл.); параўн. таксама рус. арханг. веха́ ’вярба’, арл. веха ’паручайнік, Sium latifolium L.’, польск. wiecha ’мяцёлка’, нарв. vise ’тс’, veis (< *vaiso‑) ’сцябло’, лац. virgo ’галіна, розга’.

*Вешка2 ’знак, якім указваецца ў полі зімой дарога’ (КТС, Інстр. I); ’указальнік фарватэра’ (Інстр. I) дэмінутыў ад вяха́1 (гл.).

Вешка3 ў выразе ве̂шка‑раба ’падзыўное для свіней’ (Шпіл.). Гл. вяцю-вяцю.

Ве́шні ’вясновы’ (КТС), ст.-рус. вешний, вешный (з XII ст.), а таксама весьнии (Сразн., 1, 248, 252), рус. вешний ’тс’; гэты ж корань ва ўкр. вешняк ’вадзяны млын, які працуе толькі ў час разводдзя’. Узыходзіць да прасл. vesna ’вясна’ > vesnьjь; захавалася толькі на поўначы ўсходнеслав. моўнай тэрыторыі, відаць, таму, што ў іншых славян vesna вельмі рана было выцеснена іншымі лексемамі; параўн., напр., чэш. jaro, серб.-харв. про́леће і г. д. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 309; Шанскі, 1, В, 83; КЭСРЯ, 79.

Ве́шніцы ’весніцы, вароты пры ўездзе ў двор’ (Гарэц., Бір., З нар. сл.), слонім. ’вароты’ (Арх. Бяльк.; Карскі, Труды, 482). Да ве́сніцы (гл.).

Вешч ’рэч’ (КТС), укр. вещ ’тс’ запазычана з рус. мовы, дзе вещь ’тс’ < ц.-слав., ст.-слав. вѣщь, вешть < прасл. vektь або věktь (Праабражэнскі, 1, 82; Міклашыч, 386; Фасмер, 1, 309–310; Шанскі, 1, В, 83–84; КЭСРЯ, 79).