Ве́на ’венца’ (Шатал.). Дыялектнае новаўтварэнне на базе суфіксальнага ве́нца (гл.).
Ве́нік ’венік’. Рус. ве́ник, укр. ві́ник ’тс’, чэш. věnik ’пучок, вязанка’; параўн. і ст.-рус., ст.-слав. вѣникъ. Слав. *věnikъ — утварэнне ад прасл. *věnъ ’вянок, сплеценае галлё і г. д.’ (рус. вен, польск. wian ’вянок’), якое адносіцца да *viti *vьi̯ǫ ’віць’ (і.-е. *u̯ei̯‑ ’тс’; гл. віць). Акрамя *venikъ, сюды належыць *věnъkъ ’вянок’, *věnьcь ’вянок, вянец’. Гл. Брандт, РФВ, 25, 217; Праабражэнскі, 1, 108; Фасмер, 1, 291.
Ве́нца ’абадок (пасудзіны); абадок, кольца’ (БРС, Шатал.). Укр. ві́нця мн. л., н. р. ’край пасудзіны’. Можна меркаваць, што гэта слова ўзнікла метафарызацыяй да *věnъkъ, *věnъkъ. Параўн. рус. дыял. ве́нчик ’тоўсты аплёт па верхняму краю снеткавага каша’, вене́ц ’горны хрыбет кругам, паўкругам; край высокага стэпу і г. д.’ Параўн. Рудніцкі, 1, 430–431.
Ве́нцер (БРС, Шат., Сцяшк. МГ). Рус. ве́нтерь, польск. więcierz, więcerz і г. д., укр. вʼя́тер, вʼя́тір. Лічыцца запазычаннем з літ. vénteris ’венцер з івавага пруцця’, лат. veñteris. Думка пра запазычанне літ. слова з слав. не пераконвае. Падрабязна Фрэнкель (1223–1224). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 292; Урбуціс, Baltistica, 5 (1), 1969, 52.