Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Ве́ха 1 ’знакі з лапак елкі, якімі ўзімку даказваюць дарогу’ (Сцяшк. МГ). Да вяха́ 1 (гл.).

Ве́ха 2 ’цыкута’ (лоеў., Мат. Гом.). Да вяха́ 2 (гл.).

Ве́ха 3 ’вехаць’ (светлаг., Мат. Гом.). Да вяха́ 3 (гл.).

Ве́ха 4 ’пладаносная частка сцябла проса’ (рэч., Мат. Гом.). Да вяха́ 4 (гл.).

Ве́ха 5 ’камета’ (Мат.), укр. віха́ ’тс’, бук. ві́ха (уст., рэдк.) ’прадвесце’, рус. сіб. веха́ ’вестка, навіна, паведамленне’. Да вяха́ 1 ’знак з саломы, галінак, жэрдкі, які папярэджвае аб чым-небудзь’. Тут адбыўся семантычны перанос: ’папераджальны, паведамляльны знак’ → ’прадвесце чаго-небудзь, напр., вайны’. Гэтаму дапамагае і знешняя форма: вяха часам выглядае, як мятла, бо замест саломы на шост надзяваюць дзяркач; параўн. укр. мітла́ ’камета’.

Ве́хатнік ’хвошч зімуючы, Equisetum hiemale L.’ (віц., Кіс., Крывіч, 4, 1923; Інстр. II). Вузкарэгіянальнае ўтварэнне ад вехаць (гл.) пры дапамозе суф. ‑нік; функцыя Nomen instrumenti вызначальнай асновы пры гэтым перайшла ў Nomina agentis; параўн. вехаць ’скрутак саломы, травы, хвашчу, які выкарыстоўваўся замест анучы для мыцця посуду, мэблі’ → ’хвошч, з якога робіцца гэты скрутак’. Параўн. таксама вехаць ’хвошч’ = хвашча́нка (гл.).

Ве́хаць 1 ’пучок, скрутак саломы, травы, рагожы, ануч, якім мыюць посуд, шаруюць брудныя рэчы’; ’мачалка’; ’жмут, жменя саломы, сена і пад’. (КТС, БРС, Нас., Бір. Дзярж., Шат., Грыг., Др.-Падб., Сцяшк. МГ, КЭС, Касп., Растарг., Бяльк.; маладз., Мат. АС; Бес., Мат. Гом.; бых., Янк. Мат.), навагр. вехець (Кліх), сюды ж вехцік ’тс’ (КТС, Нас., Сцяшк., Мат. Гом.), вехцевы ’які належыць да вехаць’ (Нас.). Укр. ві́хоть ’вехаць; пучок саломы; жмут саломы, які адлятае ад страхі ў час пажару’, рус. вехоть ’вехаць’; ’пучок саломы, сена’, ст.-рус. вѣхъть ’жмут саломы, мачалка, вехаць’ (з XI ст.), польск. wiecheć ’жменя саломы ці сена’; ’саламяная мятла’, н.-луж. wjekś, в.-луж. wěchć ’жмут саломы’, чэш. věchet ’пучок саломы, сена’, věchýtek ’вехцік’, славац. vecheť ’вехаць, мачалка’, славен. vẹ́het ’пучок сена’, ст.-слав. вѣхъть. Прасл. věxъtь утворана ад věxъ (параўн. бел. вёх, укр. віх, рус. вех ’цыкута ядавітая’) і суф. ‑ъtь, якому ў балтыйскіх мовах адпавядае суф. ‑ùtis, параўн. ст.-прус. nagutis — слав. nogъtь ’пазногаць’, а таксама лексемы з другасным пеяратыўным значэннем: літ. vaikùtis ад vaĩkas ’дзіця’, žmogùtis ад žmogùs ’чалавек’ і інш. і, магчыма, прасл. lapъtь ’лапаць’, серб.-харв. ла́пат ’латка’ (Мартынаў, Дерив., 43–44). Гэта яшчэ балта-славянская інавацыя. Гл. Слаўскі, 5, 157–158; Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 263. Крукоўскі (Уплыў, 12) мяркуе, што лексема вехаць — запазычанне.

Ве́хаць 2 ’стары венік, дзяркач’ (Бяльк.) узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі вехаць 1 ’пучок, скрутак саломы, травы, якім мыюць посуд, мэблю’ → ’сцёрты дзяркач, якім шаруюць лавы, падлогу’; параўн. яшчэ польск. wiecheć ’мятла з саломы’.

Ве́хаць 3 ’падмазка, кавалачак сала падмазваць скавараду’ (Бяльк.) утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства: ве́хаць ’скрутак, жмут анучак, наматаны на палачку, якім мэкаюць у тлушч і размазваюць па патэльні’ → ’падмазка, кавалачак сала’. Сюды можна аднесці і ве́хаць ’шматок, невялікая колькасць’, якое ўзнікла ў выніку абагульнення значэння ’скрутак, пучок саломы’; параўн. польск. wiecheć ’кавалак (напр., мяса)’.

Вехіраніна ’мяса ляснога голуба, Columba palumbus’ (КТС). Да вяхі́р (гл).