Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вецвійка ’галінка’ (КТС, І. Гурскі). Дэмінутыўнае новаўтварэнне ад вецце (гл.); ‑в‑ з’явілася ў выніку распадабнення ‑ц‑, відавочна, пад уплывам рус. ветвь; параўн. бел. вецціка ’галінкі’ (Нас.), таксама смал. зборн. ветвейко ’вецце, галіны дрэў’.

Вецер (КТС, БРС, Касп., Нас., Яруш.), ві͡етёр (Бес.), ве́цір (Бяльк.), жыт. вецёр ’веснавы вецер’, слаўг. ве́цер ’адкрытае ветранае месца’; ’віхор’ (Яшк.), ве́цер ’ветрагон’ (КТС, Нас., З нар. сл.). Сюды ж ветрык, ветрычак, ветрік, вецярок (КТС, Гарэц., Шат., Нас., Кліх, Бяльк.), вятрыска (Яруш., КТС). Укр. ві́тер ’вецер’, рус. ве́тер ’тс’, арханг. ’кірунак свету’; ’хвароба свойскіх жывёл’, ст.-рус. вѣтръ, вѣтеръ ’вецер, кірунак свету’; ’паветра’; ’газы ў кішках’, польск. wiatr, палаб. votr, н.-луж. wjetš, в.-луж. wětr, чэш. vítr, славац. vietor, славен. véter, серб.-харв. ве̏тар ’вецер’, макед. ветар ’вецер’, (мед.) ’рожа’, балг. вятър ’вецер’, паўн.-зах. ветър ’рэўматызм’, ст.-слав. вѣтръ ’вецер’. Прасл. větrъ мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. vė́tra ’бура’, лат. vę̄tra ’тс’, прус. wetro ’вецер’, гоц. winds, ст.-в.-ням. wint ’тс’, ст.-англ. wind ’непагадзь’, ст.-нарв. vindr ’вецер’, ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра’, ірл. feth ’паветра’, грэч. ἄησι ’вее’ (*ἄϜησι), ἄήτης ’вецер’, кімр. gwynt, лац. ventus, ст.-інд. vā́taḥ, авест. vā́ta‑ ’вецер’, асец. wād, vād ’бура’, тахар. A wänt, тахар. B yente, хец. hu (*Hwe); да і.-е. асноў *u̯e‑/*u̯o‑/aue/*au̯‑ ’веяць’. Прасл. větrъ утворана ад větati/větiti і суф. Nomina agentis ‑rъ, які атрыманы ў спадчыну з і.-е. (Слаўскі, SP, 2, 20). Адсюль вецер выступае ў міфалогіі як дзеючая сіла; параўн. бел. ве́тры. Роднаснае да веяць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 109; Вальдэ, 817; Мюленбах-Эндзелін, 4, 572; Мейе, 407; Траўтман, 345; Барталомэ, 1408; Брукнер, 611; Махэк₂, 692; Голуб-Копечны, 408, 418; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 77; КЭСРЯ, 78.

Веціна́р, віціна́р. Да ветэрына́р (гл.).

Веціць ’вітаць, быць ветлівым’, сюды ж прывеціць (Нік., Оч., 1), ст.-рус. вѣтовати ’апавяшчаць, прапаведаваць, гаварыць’, ст.-польск. *wietati (Брукнер, 614) ’гаварыць’, чэш. větiti ’апавядаць, гаварыць’, славац. vetiť уст. ’гаварыць, апавядаць, адказваць’, макед. ветува, ветава ’абвяшчаць’; ’завяшчаць’, ветува се ’ахвяравацца, даць абяцанне’, балг. ветам се ’абяцаць’, ст.-слав. вѣтити (вѣщати). Прасл. větiti, і.-е. адпаведнікі: літ. vaitóti ’стагнаць, вохкаць’, vaitenù ’абмяркоўваю, дапускаю’, ст.-прус. waitiāt ’гаварыць, апавядаць’, авест. vaēϑ‑ ’вызначаць судовым следствам’, vaēϑa ’судовае следства’. Гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87; Фасмер, 1, 305; Вайян, RÉS, 24, 1947, 152–155 з літ-рай. Параўн. таксама бел. вайцяць (гл.).

Ве́цце (зборн.) ’галінкі дрэва’ (КТС), зэльв. ’дробныя галінкі з бярозы, з якіх робяць венікі’ (Сцяц.), маг., мсцісл. ’галлё з лісцем’ (Юрч.), ве́цьце, ве́цця ’галлё’ (Шат., Нас., Бяльк., Яруш.); ’дубовыя і бярозавыя галінкі для венікаў’ (Яўс.), навагр. ве́цё ’галлё з лісцем’ (З нар. сл.). Укр. віття, вітє ’галіны, галлё’, рус. калуж., пск., смал., арханг., валаг. ветье ’галлё, галіны’, ст.-рус. вѣтье ’галлё, галіна’. Усходнеславянскі зборны назоўнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьje ад кораня vět‑ь; параўн. ст.-рус. вѣть ’галіна’; ’адгалінаванне (ракі)’, рус. бранск., арл., кур. веть ’галіна’, укр. віть ’галіна’, польск. wić ’лаза, лазовы прут, адросткі ад чаранкоў раслін’, літ. vytìs ’лаза’, лац. vītis ’вінаградная лаза’. Да ве́тка (гл.), віць (гл.). На чэшскай і славацкай моўных тэрыторыях адпаведная лексема ўтварае Nomen collectivum пры дапамозе суфікса з устаўным ‑ov‑: чэш. větvoví, славац. vetvovie.

Вець ’радок, нізка’ (Федар., 6), відавочна, з’яўляецца пераносам з першаснага вець ’галіна’ → ’галіна, на якой у радок сядзяць птушкі’, укр. віть ’галіна’, рус. паўд. веть ’тс’, польск. wić ’тонкі пруток, гнуткая лаза’; ’адросткі раслін’, балг. вица ’тс’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vitols ’вярба’, лац. vītis ’вінаградная лаза’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vētasás ’прут, павойная расліна’, авест. vaēiti ’вярба’, н.-перс. bîd, грэч. ὀῖσος ’тс’, ἰτέα (Ϝιτέα) ’вярба’. Прасл. větь мела значэнне ’павойная расліна’. Чаргаванне ў корані. Да віць. Гл. Фасмер, 1, 306; Брукнер, 613; Махэк, 692; Шанскі, 1, В, 77; БЕР, 1, 156.