Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вея1 ’завея, завіруха’ (КТС, БРС, Гарэц., Яруш., Касп., Нас., Бяльк.; докш., Янк. Мат.), укр. ві́я ’шуфель, веялка’, рус. пск., смал. вея ’завея, мяцеліца’, польск. wieja ’завіруха’, wija/wieja ’вецер’, н.-луж., в.-луж. wějawa ’веялка’, чэш. vějavka, мар. věj ’завіруха’, славац. veja ’тс’, vejka ’разная фігурка (найчасцей птушка) у вільчаку франтона’, серб.-харв. ве́ја, вје́ја ’вядзьмарка’, ве̏јавица ’мяцеліца, завіруха’, макед. виулица, вејавица, балг. виелица, веявица ’тс’. І.‑е. адпаведнікі: літ. vė́jas, лат. vējš, грэч. ἀήτης, ст.-інд. vāyúḥ ’вецер’ < *vē‑ да веяць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ja (ён абазначаў спачатку Nomina actionis, якія пераходзілі звычайна ў Nomina acti). Блезэ (21) сцвярджае, што ве́я паходзіць з літ. vė́jas, лат. vējš. Лаўчутэ (351) гэта аспрэчвае.

Ве́я2 ’вейка’ (Сцяшк. МГ, бяроз., Шатал.), зах.-палес. ві́я, ві́йі (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. ві́я ’вейка’. Бел.- укр. ізалекса; паводле бел. вейка, можна меркаваць, што на іншай, апрача вышэйадзначанай, беларускай моўнай тэрыторыі было таксама вея. Узнікла ад věja ’галіна’ ў выніку пераносу значэння дзеяслова vějati ’хістацца, махаць’ → ’абмахваць’ (параўн. укр. ві́яло ’веер’); ’змахваць’. Да ве́яць (гл.).

Вея3 ’павека’ (КТС) утворана ў выніку пераносу па сумежнасці ад вея2, тое ж і ў балт. мовах: літ. blakstíena ’павека’ — лат. plakstinš ’вейка’.

Вея4 ’невялікі луг’ (Гіст. лекс., 149) запазычана з літ. vejà ’трава, мурог’.

Ве́ялка1 ’драўляны шуфлік для ручнога веяння зерня’; ’машына, якой ачышчаюць збожжа ад мякіны’ (КТС, БРС, Выг., Бяльк., Шат., Яруш., Сцяшк. МГ), брэсц. ві́ялка драўляны савок, якім веялі ўручную’ (Сіг.). Укр. ві́ялка, рус. ве́ялка, польск. wiałka, макед. веалка ’тс’, балг. веялка ’веялка’; ’цура, зробленая ў першы тыдзень вялікага посту ў гонар летняга ветру, які лічыўся духам, што дапамагаў у час малацьбы’. Утворана ад vějadlo (параўн. ст.-рус. вѣяло ’лапата’, н.-луж., в.-луж. vějadło ’веялка’) і суф. ‑к‑а. Да веяць (гл.). Побач з суф. ‑л‑ка на слав. тэрыторыі маюцца ўтварэнні ад веяць з іншымі суфіксамі са значэннем Nomina instrumenti: бел. палес. ве́янка, ве́ячка, укр. ві́ячка, ві́яльніца, рус. ве́янка, ве́йніца, ве́йка, балг. веячка, в.-луж. wějawa, чэш. věječka, viječka, vejačka, польск. wiejalnia, wiejacha, уст. wiejaczka.

Веялка2, ве́ялкі ’вейка, вейкі’ (БРС, шчуч., навагр., маст., Сцяшк. МГ, КЭС, Жд., 1, З нар. сл.) — рэгіянальнае беларускае кантамінаванае ўтварэнне ад вейка, веяць (гл.) не без уплыву лексемы веялка1 (гл.).

Веялка3 ’павека’ (навагр., КЭС) узнікла шляхам семантычнага пераносу па сумежнасці ад лексемы веялка2. Адваротны пераход назіраецца ў рус. арханг. веко ’вейка’, йонаўск., прэйл. ве́ки ’вейкі’ пры рус. веко ’павека’.

Ве́янка1 ’машына для веяння збожжа’ (Кліх), палес. віянка ’шуфлік’ (Тарн.), лун. ве́енка ’драўляны шуфлік для ручнога веяння’ (Шатал.). Укр. ві́янка ’веянне збожжа’, рус. урал., сіб. ве́янка ’веялка, машына для веяння’. Усх.-слав. утварэнне з суф. ‑k‑a ад прыметніка vějanъ. Да ве́яць (гл.).

Веянка2 ’павека’ (свісл., Шатал.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад веяць (гл.). Аналагічныя суадносіны ў лексемы веялка ’шуфлік’ ⟷ веялка ’павека’.

Веяць ’ачышчаць збожжа ад мякіны’; ’дзьмуць, абдаваць павевамі што-небудзь’ (КТС, БРС, Касп., Яруш., Шат.), ве́яты ’веяць збожжа’ (Выг.). Укр. ві́яти ’веяць, дзьмуць’; ’ачышчаць збожжа’; ’віляць (хвастом)’, рус. веять ’дзьмуць, абдаваць паветрам’; ’ачышчаць збожжа’, ст.-рус. вѣяти ’тс’, польск. wiać ’дзьмуць’; ’ачышчаць збожжа пры дапамозе ветру’; ’уцякаць, знікаць’, каш. vjåuc ’веяць’, в.-луж. wěć ’веяць, ачышчаць збожжа’, чэш. váti (< vějati) ’тс’, славац. viať ’ачышчаць збожжа’; ’віцца (аб флагу)’, славен. vẹ̑jati ’ачышчаць збожжа, веяць’, серб.-харв. ве̏јати ’ачышчаць збожжа’, ви̏јати ’веяць, развейвацца’; ’веяць збожжа’, макед. вее ’веяць, дзьмуць; развейвацца, несці, гнаць (аб ветры) ’; ’ачышчаць збожжа’, балг. вея ’дзьмуць; аддзяляць зерне ад мякіны пры дапамозе ветру’, ст.-слав. вѣꙗти ’веяць’. Прасл. vě‑jati. Роднаснае з літ. vė́tyti, лат. vētīt ’веяць (зерне)’, грэч. ἄϜησι ’вее’, лац. ventus ’вецер’, гоц. waian ’веяць’, ірл. do‑in‑fethim ’удуваю’, ст.-інд. vā́lti, vā́yati ’дуе, раздувае’, авест. vāiti ’вее’ < і.-е. *uē(i)‑. Гл. таксама Траўтман, 345; Праабражэнскі, 110; Фасмер, 1, 310; Брукнер, 610; Махэк₂, 678; БЕР, 1, 141; Скок, 3, 588; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 58; Выгонная, Лекс. Палесся, 79–83.