Вея 1 ’завея, завіруха’ (КТС, БРС, Гарэц., Яруш., Касп., Нас., Бяльк.; докш., Янк. Мат.), укр. ві́я ’шуфель, веялка’, рус. пск., смал. вея ’завея, мяцеліца’, польск. wieja ’завіруха’, wija/wieja ’вецер’, н.-луж., в.-луж. wějawa ’веялка’, чэш. vějavka, мар. věj ’завіруха’, славац. veja ’тс’, vejka ’разная фігурка (найчасцей птушка) у вільчаку франтона’, серб.-харв. ве́ја, вје́ја ’вядзьмарка’, ве̏јавица ’мяцеліца, завіруха’, макед. виулица, вејавица, балг. виелица, веявица ’тс’. І.‑е. адпаведнікі: літ. vė́jas, лат. vējš, грэч. ἀήτης, ст.-інд. vāyúḥ ’вецер’ < *vē‑ да веяць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ja (ён абазначаў спачатку Nomina actionis, якія пераходзілі звычайна ў Nomina acti). Блезэ (21) сцвярджае, што ве́я паходзіць з літ. vė́jas, лат. vējš. Лаўчутэ (351) гэта аспрэчвае.
Ве́я 2 ’вейка’ (Сцяшк. МГ, бяроз., Шатал.), зах.-палес. ві́я, ві́йі (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. ві́я ’вейка’. Бел.- укр. ізалекса; паводле бел. вейка, можна меркаваць, што на іншай, апрача вышэйадзначанай, беларускай моўнай тэрыторыі было таксама вея. Узнікла ад věja ’галіна’ ў выніку пераносу значэння дзеяслова vějati ’хістацца, махаць’ → ’абмахваць’ (параўн. укр. ві́яло ’веер’); ’змахваць’. Да ве́яць (гл.).
Вея 3 ’павека’ (КТС) утворана ў выніку пераносу па сумежнасці ад вея 2, тое ж і ў балт. мовах: літ. blakstíena ’павека’ — лат. plakstinš ’вейка’.
Вея 4 ’невялікі луг’ (Гіст. лекс., 149) запазычана з літ. vejà ’трава, мурог’.