Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Веса́ ’вага’ (драг., КЭС) < з рус. весы́ ’вага’ < весить (Фасмер, 1, 303).

Весажо́р ’сузор’е ў сем зор’, вісажы́р, вісыжа́р ’сузор’е’ (Бяльк.), зах.-палес. высожа́р ’Плеяды’ (Маш., Atlas, 3); рус. кур., дан., тул., калуж. весожа́ры ’сузор’е’, дан. весожа́ры, висожа́ры ’Плеяды’, калуж. висожа́ры, урал. висожа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’, смал. вышеза́р ’сузор’е Малой Мядзведзіцы’. Складанае слова ад віс‑ (параўн. рус. вяц., каз. ви́сы ’валасы’, новасіб. ’апоўзіны’) і ‑жар (усячэнне ад стожар). Гэта слова, як і роднаснае валасажа́р (гл.), узнікла ў выніку налажэння двух слоў з хісткай семантыкай, якая датычыць назваў сузор’яў і зорак; параўн. балг. власи́ ’валасы’, ’сузор’е Цяльца’ і рус. стожары ’Плеяды’; ’Вялікая Мядзведзіца’.

Весаўшчы́к ’вагаўшчык’ (Яруш.), укр. висовщик < рус. весовщик ’тс’.

Веселава́ты ’трохі вясёлы’ (КТС). Ад вяселы і суф. ‑ават‑ы, які азначае непаўнату прыкметы азначальнай асновы.

Веселата́ ’стан весялосці’ (Шат.) — прасл. адпрыметнікавае ўтварэнне. Да veselъ > вясёлы (гл.).

Весілка ’ручка (чайніка)’ (КТС). Да вясло́2 (гл.).

Весіць1 ’вешаць’ (КТС), рус. паўн. ве́сить ’тс’, польск. ‑wiesić (ст.-польск. wiesić > wieszac), в.-луж. wjesyć, н.-луж. wjesyś, чэш. věsiti, славац. vesiť, славен. vésiti ’вешаць’, макед. веси, балг. веся ’вешаць на шыбеніцы’. Прасл. věsiti. Чаргаваннем звязана з вісе́ць (гл.).

Весіць2 ’важыць’ (КТС) запазычана з рус. мовы; параўн. рус. весить ’важыць’, укр. вісити, якое паходзіць з ве́сіць1.

Веслава́ць ’гнаць лодку вяслом, грабці вёсламі’ (Янк. I, БРС, КТС), докш. віслава́ць ’тс’ (Янк. Мат.). Укр. веслова́ти, польск. wiosłować, н.-луж. wjasłowaś, чэш. veslovati, славац. veslovať, славен. vesláti, серб.-харв. вѐслати, макед. весла, балг. весля́, веслувам (рэдка). Наяўнасць суфікса ‑ova‑ ў зах.-слав. мовах дае падставу меркаваць, што бел. (як і ўкр.) веславаць запазычана з польскай мовы.

Веслано́гія мн. л. ’атрад вадаплаўных птушак, пальцы ў якіх злучаны перапонкамі; атрад ніжэйшых ракападобных’ (БРС, БелСЭ). Запазычана з рус. веслоногие або з польск. wiosłonogie ’тс’. З’яўляецца калькай з лац. навуковага тэрміна Steganopodes < грэч. στεγᾰνόπους, ‑ποδος ’з перапонкамі на лапах’.

Ве́сліца ’лесвіца’ (Мат. Гом.) у выніку метатэзы з ле́свіца (гл.).