Вясло́1 ’звязка, пучок дробных нанізаных прадметаў’ (БРС, КТС, Шат., Янк. I, Інстр. III, Масл.), вя́сло (Касп., Нас.), вя́сла (Янк. Мат., Гарэц.), сувалк. vʼosła ’скрутак лыка’ (LP, 1960, 351), ст.-бел. весло, укр. жытом. весло ’звязка якіх-небудзь аднародных прадметаў’, рус. тамб., кур., маск., разан. вя́сло ’жгут саломы, якім звязваюць снапы’, свясло́ ’перавясла’, вяц. ’пучок ільну па 20 жменей’, ст.-рус. съвѧсло. Усх.-слав. утварэнне ад вязаць (гл.) і суф. ‑сло (< ‑slo).

Вясло́2 ’вага ў студні з жураўлём’ (в.-дзвін., ДАБМ), укр. весло́ ’каромысла’. Да весіць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑сло (< slo). Відавочна, гэта калька з літоўскага (латышскага) слова; параўн. svìrtis ’журавель у студні’, ’рычаг’ ⟷ літ. svyrė́ti ’звісаць, вісець над чым-небудзь’, svìrti ’нахіляцца, звісаць’. Сюды ж весілка ’ручка чайніка’ (гл.).

Вясло́3 ’прыналежнасць лодкі’ (БРС, КТС, Мядзв., Янк. I, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ); ’прылада для кіравання плытом у выглядзе абчасанага бервяна, якое прымацоўваецца наперадзе і ззаду плыта’ (зах.-дзвін., Нар. сл.). Укр. весло ’вясло’, рус. весло ’тс’, бранск., арл., разан., гом. ’лапатка для замешвання цеста’, польск. wiosło ’вясло, драўляная лапатка’; ’ногі водных птушак’, н.-луж. wjasło, в.-луж. wjesło ’вясло’, чэш., славац. veslo ’вясло’; ’нага воднай птушкі’, славен. véslǫ ’вясло’; ’паклёпніцкі язык’, vésta ж. р. ’вясло’; ’хлебная лапата’; ’вялікая лыжка’, серб.-харв. вѐсло ’вясло’; ’плаўнік (у рыб)’, макед., балг. весло ’вясло’, ст.-слав. весло. Прасл. veslo (< vez‑slo) < *vegʼh‑slom. Да вязці́ (гл.). Параўн. Гараеў, 1896, 74; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 303; КЭСРЯ, 77; Шанскі, 1, В, 73; Брукнер, 623; Младэнаў, 63; БЕР, 1, 137; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 685; Скок, 3, 579. Сюды ж вясляр, вяслярны, вяслярства (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)